Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/31

Гэта старонка была вычытаная

ПЕРШЫ ПЭРЫОД БЕЛАРУСКАЕ ГІСТОРЫІ

(IX—XIII ст.).

СТАРАЖЫТНЫЯ НАСЕЛЬНІКІ БЕЛАРУСІ

Каля часоў IX сталецьця землі, занятыя ўсходнімі, рускімі славянамі, дзяліліся паводлуг рэчных сыстэм і гандлёвых цэнтраў на чатырьі тэрыторыі. На поўначы, пасярод вазёр, балот і лясоў, цэнтруючыся ўкола Ільменю, лягла зямля Ноўгарадзкіх славян. Далёка на ўсход цягнуліся гэтыя землі, даходзячы аж да Уральскіх гор. Кіраваў імі «Гаспадзін вялікі Ноўгарад». Пад усходнімі землямі Ноўгараду, паміж Волгаю і Акою, ляглі землі, што цягнуліся да Ростава Вялікага і да Суздалю. Значную ролю будуць мець гэтыя землі толькі з пачатку XIII сталецьця. На поўдні, па сярэдняму і ніжнему Дняпру, уходзячы аж у стэпы, лягла Дняпроўская Русь, сцэнтраваная ўкола багатага Кіеву. Гісторыя гэтае зямлі нам добра вядома з агульных курсаў расійскай гісторыі, якая разглядала жыцьцё амаль што яго аднаго. Паміж заходнімі Ноўгарадзкімі і Кіеўскімі землямі, па верхняй Заходняй Дзьвіне і верхняму Дняпру з Прыпяцьцю, Бярэзінаю і Сожам лягліземлі будучай Беларусі, каторыя цэнтраваліся ўкола гораду Полацку. Гэта ёсьць так званая Полацкая Русь.

Насельнікамі вышэйпаказанай тэрыторыі (Полацкай) былі тры ўсходня-славянскія, рускія пляменьні: крывічы, дрыгвічы і радзімічы. Сярод крывічоў і дрыгвічоў жылі яшчэ літвіны, напр., ятвягі.

Найвялікшым племем былі крывічы, каторыя жылі па вышнявінах рэк — Заходняй Дзьвіны, Дняпра і Лаваці. Што датычыць назвы «крывічы», то адны вучоныя гавораць, што крывіча так назвалі за тое, што ён быў хітры, крывадушны чалавек. Другія вучоныя вядуць імя «крывічы» ад слова «кроў», тады назву «крывічы» магчыма разумець: «сваякі па крыві», кроўныя. Раскіданыя па шырокаму абшару, крывічы сваёю назваю як-бы падкрэсьлівалі сваё сваяцтва. Дрыгвічы расьсяліліся паміж Прыпяцьцю і Заходняй Дзьвіною. Сярэдзіна сялібы дрыгвічоў супадае з нашай Меншчынай. Яны жылі пасярод лясоў і балот, дзе шмат было багнін, інакш кажучы, дрыгвы. Адсюль і пашло іх імя. Пасьля іх толькі ў Меншчыне засталося больш як 30 тысяч курганоў-магільнікаў. Радзімічы былі невялікім пле-