Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/50

Гэта старонка была вычытаная

лаччыне. Скарыстаўшы сьмерць князя, каторы быў абаронцам інтарэсаў «меншых» людзей, багацейшыя баяры ў ліку трыццацёх асоб усякімі праўдамі і няпраўдамі павярнулі веча ў свой бок, скасавалі княжацкую ўладу, няпрыемную для іх, і захапілі ў свае рукі політычную ўладу, залажыўшы арыстократычную рэспубліку. Народ ў сваёй масе ня быў здаволены такою рэспублікаю, бо яна не давала яму месца ў справах гаспадарства. Заможныя арыстократы, злучыўшы з экономічнаю моцаю політычную ўладу і ня маючы пагрозы сабе з боку князя, каторы мог заўжды аперціся на шырокія масы простага люду, рабілі, што хацелі, а хацелі, што было карысна толькі ім, прадстаўніком заможнае клясы. Абурэньне шырокіх мас народу ў 1190-м годзе скончыла гэтую рэспубліку, каторая існавала толькі 9 год.

ХРЫСЬЦІЯНСТВА І АСЬВЕТА

Нам добра вядома, як пашыралася хрысьціянства ў Кіеўскай Русі. Князь Уладзімер, зрабіўшыся хрысьціянінам, апіраючыся на заможныя пласты грамадзянства, каторым была экономічна цікава сувязь з хрысьціянскай гандлёвай Бізантыяй, выдаў прыказ зьнішчыць балваноў (ідалаў): адных пасячы, другіх спаліць. Асабліва ён зьдзекваўся над Пяруном, галоўнейшым богам нашых продкаў. Па прыказу князя яго прывязалі да конскага хваста, пацягнулі ў Дняпро, і слугі князя па дарозе білі яго батогамі. Потым вярхоўнага бога кінулі ў рэчку і бусакамі[1] вялі яго аж да парогаў, дзе ён павінен быў разьбіцца. Веруючыя ў свайго бога людзі плакалі, бягучы за зьняважаным богам, і крычалі: «Выдыбай, божа». Але бог ня выплыў.

Потым Уладзімер, згадзіўшыся з вечам, запатрабаваў, каб усе прышлі на рэчку прыняць вадохрышча, абвясьціўшы, што невыкананьне гэтага прыказу будзе прызнана як супраціўленьне дзяржаўнай уладзе. Народ павінен быў паслухаць прыказу. У некаторых мясцох справа йшла ня так гладка. У летапісе ня раз успамінаецца аб барацьбе хрысьціянства з паганствам, сьвяшчэннікаў з кудзесьнікамі і валхвамі. Што датычыць да Ноўгараду, то там «Добрыня хрысьціў агнём, а Пуцята — мячом», як кажа летапіс.

Аб тым, як пашырылася хрысьціянства ў Полацкай Русі, мы маем таксама некаторыя зьвесткі. Прыняўшы

  1. Бусакамі — баграмі.