хрысьціянства, у тым-жа годзе (989), Уладзімер успомніў і аб сваёй апальнай жонцы ў Полаччыне. Ён прыслаў у Ізяслаўль, дзе жыла Рагнеда, сваіх пасланцоў, каторыя ад імя князя перадалі ёй такія словы: «Аз убо ныне крещен есьм і пріях веру і закон хрістіанскій; подобает мне едініцу іметі жену, юже поял в хрістіанстве. Ізбері себе от вельмож моіх, его же хощеіці, да сочетаю тя ему». З гэтай весткі мы бачым, што Уладзімер больш зацікаўлен ліквідаваньнем сваіх паганскіх шлюбных зьвязкаў, чым пашырэньнем у Полаччыне хрысьціянства. Выслухаўшы пасланцоў, Рагнеда ў кароткіх словах так адказала свайму быўшаму мужу: «Быв княгінею, могу лі быть рабою ў слугі твоего». Уладзімера гэты адаз не здаволіў, бо ён не ліквідаваў шлюбнай справы. Праз нейкі час зноў ідуць ад яго пасланцы да Рагнеды і кажуць ёй прыняць хрысьціянства. Пропозыцыя была зроблена так энергічна, што Рагнеда ня толькі зрабілася хрысьціянкаю, але і прыняла манашацкі пастрыг пад імем Анастазіі. Для новапастрыжанай манахіні-княііні быў збудаваны манастыр, у каторым яна і пражыла некалькі год да сьмерці ў 1.000 годзе. Ведама таксама, што ў гэты час у Полацку ўжо была адна хрысьціянская царква. Гэтае летапіснае паданьне гаворыць нам аб тым, што кіеўскі князь надта цікавіўся вераю Рагнеды. У такога політыка, як Уладзімер, гэтая цікавасьць ня так рэлігійнага, як політычнага значэньня. Ён турбаваўся не аб тым, каб яго апальная жонка знашла пэўнае месца ў нябескім царстве, а аб тым, каб злучыць Полацкую воласьць з Кіеўскай у рэлігійных адносінах, а ў царкоўных адносінах падпарадкаваць яе кіеўскаму мітрапаліту. У кожным выпадку трэба сказаць, што ў Полаччыне кіеўскі князь не выдаваў прыказу аб абавязковым для ўсіх прыняцьці вадохрышча, як у Кіеве, і не змагаўся сілаю з паганствам.
Што датычыць да Ізяслава, сына Рагнеды, то можна думаць, што ён згодаю, а ня сілком, пашыраў новую веру ў Полаччыне. Адзін, праўда, ужо пазьнейшы летапіс так малюе характар гэтага полацкага князя: Ізяслаў быў рахманы, ласкавы і міласэрны. Ён паважаў духоўны і манашацкі сан і вельмі любіў чытаць сьвятое пісьмо. Такі характар князя як нельга лепей быў здатны для згоднага, паступовага пашырэньня хрысьціянства.