Калі зьявіліся першыя хрысьціяне ў Полаччыне, трудна дазнацца. Гэтае пытаньне пакуль што яшчэ ня выяўлена гісторыкамі. Ёсьць паданьне, што ўжо ў IX сталецьці тут былі хрысьціяне і былі епархіяльныя цэнтры ў Полацку і Тураве.
Пад гэтымі паданьнямі ёсьць пэўныя гістарычныя асновы. Землі ў Беларусі ляжалі на вялікім водным шляху з Варагаў у Грэкі. Па гэтым шляху йшлі гандлёвыя зносіны як з усходня-хрысьціянскай Бізантыяй, так і заходнімі хрысьціянскімі народамі. Гандляры, як варагі, так і рускія, везьлі па гэтым вялікім шляху ня толькі чужаземныя тавары, але й чужаземную хрысьціянскую культуру і веру.
Усе гэтыя весткі гавораць нам аб тым, што новая вера ня прышла сюды, як вера, што заваёўвае сабе месца агнём і мячом. Праўда, ішла нейкая барацьба паміж сьвяшчэньнікамі новай веры і валхвамі, якія прадстаўлялі паганства, але ўсё-ж такі наогул хрысьціянскія погляды прасочваліся ў жыцьцё, як і ўся культура, згодным паступовым шляхам. Часам яны выціскалі з быту грамадзянства старыя паганскія погляды, а яшчэ часьцей зьліваліся з імі. Політэістычная паганская вера ня ставіла ніякіх перашкод для бога і сьвятых новай веры, бо яна прызнавала, што існуе не адзін бог, а многа. Прызнаць новых багоў было для яе магчымым тым больш, што гэтых новых багоў яна малявала падобнымі на сваіх старых багоў. Сьвяты прарок Ільля стаў падобен на Пяруна, сьвяты Улас на Велеса і г. д. Такім спосабам утварылася яшчэ з часоў старасьветчыны тое дваявер’е, якое існуе і ў сучаснай нам Беларусі. Наша вёска і дагэтуль носіць на сваіх рэлігійных паглядах пячатку далёкага мінулага. Тут згодна ўжываецца старое славянскае паганства з усходнім і заходнім хрысьціянствам.
Кніжная асьвета ў Полаччыне з самага пачатку стала ў сувязь з хрысьціянскай верай. Укола царквы групавалася тады сучасная адукаваная інтэлігэнцыя. Так было ня толькі ў Полаччыне, але і ў Кіеўшчыне і ў Заходняй Эўропе, і ў Бізантыі. Асьвета ўсяго сьвету насіла тады царкоўны кірунак, і шмат патрэбна было часу змагацца за сваю незалежнасьць ад царквы. Рэлігійнымі і культурна-асьветнымі цэнтрамі былі манастыры. У іх альбо пры іх існавалі як-бы школы, пісаліся і перапісваліся кнігі, групаваліся людзі асьветы. У народ кніжная асьвета даходзіла так, як у нашыя