Ува ўсіх краёх з моцна разьвітым гандлем жыхары дзеляцца на соцыяльныя групы, клясы па сваёй маемасьці. Так было і ў Полацкай Русі. Гандлёвы капітал разьбіваў жыхароў яе таго часу на два лягэры, непадобныя адзін на друіі. З аднаго боку стаяла ня надта вялікая грамада людзей з аграмаднай маемасьцю і белымі, чыстымі рукамі. З другога боку стаяла вялікая грамада з маленькай маемасьцю альбо і без яе, з працоўнымі, мазолістымі рукамі. Першыя зваліся людзьмі добрымі, лепшымі, другія — меншымі, подлымі (нісшымі).
Добрыя, ці лепшыя, людзі — гэта былі гандляры і зямляўласьнікі краю. Іх крамы і маёнткі былі раскіданы па ўсёй тэрыторыі. У іх руках была вялікая моц гандлёвага і зямельнага капіталу, з катораю часта не маглі спрачацца і змагацца нават князі. На вечах яны мелі перавагу не затым, што іх было многа, а затым, што ў іх бок цягнулі экономічна залежныя ад іх дробныя людзі, баючыся іх, як капіталістых. Гэта зразумела тым больш, што галасаваньне на вечах ня было патаемнае. Лепшыя людзі паміж сабою таксама дзяліліся на асобныя групы болыы ці менш багатых людзей. Багацейшыя фаміліі гэтых заможных людзей з роду ў род давалі прадстаўнікоў на выбарныя грамадзянскія і політычныя ўрады і такім спосабам выдзяляліся з сваёй соцыяльнай групы як знатнейшыя. Гэта і ёсьць земскія баяры. Яны часта вялі барацьбу з князямі дэмократычнага настрою і ў іншыя часы перамагалі іх. Так, напрыклад, было ў Полацкай воласьці пасьля сьмерці Ўсяслава Васільковіча ў 1180 годзе, калі земскія баяры полацкія праз веча залажылі рэспубліку, на чале каторай сталі 30 чалавек старшыны.
Усе бедныя жыхары Полаччыны зьліваліся ў адну многалюдную клясу меншых, ці подлых, людзей. Жылі яны як па гарадох, так і па вёсках. У гарадох гэта былі дробныя гандляры, што гандлявалі часам на пазычаны, часам на невялічкі ўласны капітал; апроч іх такімі людзьмі былі прыказчыкі, рамесьнікі, работнікі і другі дробны мясцовы люд. Па вёсках гэта былі мужыкі-сяляне. Частка іх была незалежнымі аратымі ўласнага кавалачку зямлі (смерды), а частка ўжо залежала экономічна ад багатых зямляўласьнікаў (закупы). Працавалі яны ўжо не на ўласнай зямлі, а часам мелі і ня ўласны інвэнтар: і тое і другое яны бралі ў пазычку, ці ў арэнду ў багатага зямляўласьніка.