ЦК БКА. Старшынёй ЦК БКА быў выбраны Ус. М. Ігнатоўскі. Арганізацыі БКА былі створаны ў Мінскім, Слуцкім, Ігуменскім, Гродзенскім, Дзісненскім, Столінскім і Лідскім паветах. Яны супрацоўнічалі ў падполлі з бальшавіцкімі арганізацыямі і налічвалі дзве тысячы чалавек. Пад кіраўніцтвам БКА дзейнічалі «Сялянскія дружыны» — партызанскія атрады, якія вялі ўзброеную барацьбу супраць польскіх акупантаў. Была наладжана сувязь з ЦК КП(б) Літвы і Беларусі ў Смаленску і з Рэўваенсаветам Заходняга фронту. ЦК БКА падчас вызвалення тэрыторыі Беларусі ад польскіх акупантаў удзельнічаў у падрыхтоўцы да абвяшчэня незалежнасці БССР і ў падпісанні 31 ліпеня 1920 г. Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. У жніўні 1920 г. БКА налічвала некалькі дзесяткаў мясцовых арганізацый. 20 жніўня 1920 г. Беларуская Камуністыная арганізацыя па яе просьбе была прынята ў склад Кампартыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (праз некаторы час — Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі), якая ўваходзіла ў склад РКП(б). Ус. М. Ігнатоўскі быў прыняты ў члены РКП(б) раней — 30 ліпеня 1920 г., бо справы членаў БКА вырашаліся персанальна.
У Савецкай Беларусі Ус. М. Ігнатоўскі займаў шэраг высокіх навуковых, дзяржаўных і грамадскіх пасад. У 1920 г. ён быў членам Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта БССР. Кароткі час у 1920-1921 гг. ён быў народным камісарам земляробства рэспублікі, у 1921-1926 гг. — народным камісарам асветы БССР. Стаўшы на чале гэтага народнага камісарыята, Ігнатоўскі пачаў выяўляць і прыцягваць да працы ў рэспубліцы раскіданую вайною беларускую інтэлігенцыю. Падчас дзейнасці Ігнатоўскага наркамат асветы фактычна стаўся цэнтрам абмеркавання і ажыццяўлення неабходных і наспелых мерапрыемстваў у галіне беларускага нацыянальнага адраджэння. Адначасова, каб падняць навуковы ўзровень вышэйшай адукацыі ў рэспубліцы, пры адкрыцці Беларускага дзяржаўнага універсітэта (у 1921 г.) Ігнатоўскі прычыніўся да запрашэння вядомых рускіх прафесараў з Масквы і іншых гарадоў РСФСР, якія ўжо праз год, авалодаўшы беларускай мовай, чыталі свае лекцыі на беларускай мове. У большасці ж факультэты Беларускага дзяржаўнага універсітэта былі ўкамплектаваны пераважна беларускімі нацыянальнымі кадрамі. Ігнатоўскі карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод студэнцкай моладзі, якая называла яго «бацькам».
Другою важнаю падзеяй было ўзнаўленне дзейнасці ў гэты перыяд Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках у 1925 г., а таксама крыху раней (у 1924 г.) — Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Тады ж быў адчынены Мінскі педагагічны тэхнікум, які атрымаў