апускаюцца ў чыстыя воды Дзьвіны, змываюць з сябе хрысьціянства і адсылаюць яго па Дзьвіне назад да немцаў, адкуль яно і прышло. Калі на Захадзе даведаліся аб гэтым, то рымскі папа абвясьціў крыжовы паход на Лівонію і Літву, бо ў той час у Заходняй Эўропе якраз ішла эпоха крыжовых паходаў. Розныя клясы заходняга грамадзянства, дабіваючыся сваіх політычных і экономічных мэт, давалі матэрыял і грунт для гэтай эпохі. Пад знакам крыжа хаваліся політычныя і экономічныя інтарэсы ўдзельнікаў паходаў: рыцары шукалі новых фэодаў, гандляры — новых рынкаў, мужыкі-сэрвы — вольнага жыцьця, духавенства — новых парафій, якія-б плацілі яму дзесяціну і г. д. Гэты натоўп з далёкімі ад хрысьціянства мэтамі і інтарэсамі прышоў з Заходняй Эўропы ў Лівонію і Літву для пашырэньня рэлігіі Хрыста.
У 1200 годзе пры ўтоку Заходняй Дзьвіны ўжо зьяўляецца крыжовае апалчэньне, на чале якога стаіць будучы біскуп Лівоніі Альбэрт Буксгэўдзен. З крыжам, такім спосабам, на Літву прышоў меч. У 1201 годзе ў чатырнаццаці кілёмэтрах ад мора на Заходняй Дзьвіне Альбэрт закладае горад Рыгу, каторы робіць месцам сваёй катэдры. Біскуп добра разумеў, што на аднэй пропаведзі аперціся ня можна. Каб зьберагчы заснаваны горад, патрэбна была немалая ваенная сіла, якая абараняла-б яго. Каб утварыць яе, ён пачаў раздаваць у літоўскіх землях фэоды тым рыцарам, якія сюды зьяўляліся. Але гэтага было мала. Трэба было мець больш лік людзей і лепшую організацыю. Сучасная яму гісторыя паказала выхад. У гэтым-жа годзе ён засноўвае для Літвы і Лівоніі рыцарска-манаскі ордэн, падобны тым, якія заснаваліся ў Палестыне. Новы ордэн, атрымаўшы статут палестынскага ордэну тампліераў, пачаў называцца брацтвам хрыстовай дружыны (fratres miliciae Christi), а потым ордэнам мечаносцаў (qladiferi), ці Лівонскім. Відочная адзнака рыцараў-манахаў гэтага ордэну такая: белы плашч з чырвоным крыжам і мячом на плячох. Сябры ордэну атрымалі ад папы ня толькі абавязак пашырыць хрысьціянства, але й права ўладаць пакорнымі землямі залежна ад рыскага біскупа. Крыжам, мечам і агнём робяць яны сваю справу, рабацяць ліваў і літвінаў і сілком перарабляюць іх на хрысьціян. Каб лепш трымаць у сваіх руках новых каталікоў, яны муруюць моцныя замчышчы ў Крэйцбурзе, Дынабурзе,