Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/86

Гэта старонка была вычытаная

войска было лепш узброена і організована; яно мела нават артылерыю, якой ня было ў літоўцаў, беларусаў і палякоў. У бітве прымаў удзел і вялікі лік беларускага войска. Апроч Вітаўта, Ягайлы і магістра Тэўтонскага ордэну тут быў добра вядомы чэскі рыцар Жыжка, будучы нацыянальны чэскі правадыр і дзеяч часу гусыцкіх войн. Бойка пачалася раніцою 15 чэрвеня. Літоўска-беларускія войскі былі пастаўлены на правым фланзе. Доўга біліся і ніяк ня мог выявіцца рэзультат бою. Толькі пад вечар дзякуючы моцнаму націску на ворага беларускіх смаленскіх палкоў немцы пачалі бегчы і масамі кідаць поле бою. Страты з нямецкага боку былі не малыя: рыцараў было збіта каля 30 тысяч, са зброяю ў руках загінуў і сам магістар ордэну. Само сабою разумеецца, што радасьць ад перамогі была вялікая. З гэтай бітвы пачынаецца відны пералом у бесьперарыўным змаганьні Літоўска-Беларускага гаспадарства з нямецкімі ордэнамі. Сілы немцаў пачынаюць усё слабець. У 1466 годзе нават канчаецца зусім незалежнае існаваньне Тэўтонскага ордэну, каторы пачаў раскідацца. Вялікі магістар ордэну, пабачыўшы, што няма магчымасьці далей існаваць, павінен быў прызнаць сябе васалам польскага караля і літоўска-беларускага гаспадара Казімера IV.

ВУНІЯ ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАГА ГАСПАДАРСТВА З ПОЛЬШЧАЙ 1386 г.

Па сьмерці Альгэрда ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве пачынаецца бязладзьдзе. У свае часы Альгэрд быў жанаты два разы: першы раз на Марыі Віцебскай, другі раз — на Ульляне Цьверскай. Ад тэй і другой жонкі засталіся сыны. Паміж гэтымі дзьвюма галінамі Альгэрдавага роду яшчэ пры жыцьці Альгэрда йшло суперніцтва. Пасаду вялікага князя Літвы і Беларусі заняў Ягайла, старэйшы з сыноў Альгэрда ад другой жонкі Ўльляны Цьверскай. Тым, што Ягайла, ня будучы самым старэйшым, заняў пасаду гаспадара, былі нездаволены яго старэйшыя браты, сыны першай жонкі Альгэрда, Марыі Віцебскай. Яны, ня хочучы падацца Ягайле, зьвярнуліся за дапамогаю да Масквы, дзе ў гэты час быў вялікім князем вядомы нам Зьмітры Данскі.

Што датычыць да Кэйстута, малодшага Альгэрдавага брата, то ён, з аднаго боку, шануючы ідэю еднасьці