гаспадарства і, з другога боку, лічачы патрэбным падтрымліваць ідэю законнасьці волі памёршага вялікага князя Альгэрда, каторы назначыў сваім наступнікам Ягайлу, ня выходзіў з паслушэнства свайму пляменьніку, каторага прызнаў формальна вялікім князем. Каб падтрымаць яго парушаны аўторытэт і даць другім князём прыклад паслушэнства вялікаму князю, ён нават у паложаны час езьдзіў у Вільню да Ягайлы на пасяджэньне вялікакняжацкай рады, як і раней езьдзіў у раду да свайго старэйшага брата Альгэрда.
Аднак-жа гэтыя добрыя адносіны паміж Ягайлам і Кэйстутам хутка перарваліся з віны Ягайлы. Ягайла вельмі баяўся аўторытэту і популярнасьці свайго дзядзькі і, скарыстаўшы дробнае здарэньне, пачаў з ім барацьбу. Два разы зьвяртаўся да крыжакоў Ягайла, каб з іх дапамогаю перамагчы Кэйстута і зрабіць яго бясьпечным для сябе. Узяўся за зброю і Кэйстут. Ня гледзячы на дапамогу крыжакоў, Ягайла быў разьбіты. Каб забясьпечыць сябе ад суперніцтва Кэйстута, ён пашоў на вераломную хітрасьць. Адзін раз ён запрасіў Кэйстута з сынам яго Вітаўтам у свой абоз, быццам для таго, каб абгаварыць з імі ўмовы для паляпшэньня далейшых адносін. Кэйстут з сынам не зразумелі сапраўднай падкладкі гэтага запрашэньня і паехалі. Як толькі яны зьявіліся на месца спатканьня, бяз войска і бяз зброі, неспадзявана іх схапілі, закавалі ў моцныя ланцугі, патаемна завезьлі ў Крэва (Ашмянскі павет у Віленшчыне) і там пасадзілі ў замчышчы ў турму. Сюды Ягайла падаслаў людзей, каторыя задушылі вельмі популярнага старога Кэйстута, а верную жонку яго Біруту ўтапілі ў замкавым рове. Вітаўту неяк пашанцавала ўцячы з турмы. Паданьне кажа, што ўцёк ён з палону, апрануўшыся ў жаноцкую вопратку, каторую даставіла яму яго жонка Ганна.
Такім способам, мы бачым, што Ягайла меў многа ворагаў сярод сваіх родных і стрэчных братоў. Апроч таго, імя яго было вельмі непопулярна ў шырокіх масах. Зразумела, што яму неадкладна трэба было шукаць апоры для сваёй улады дзесь за межамі Літоўска-Беларускага гаспадарства.
У гэты самы час і ў суседняй Польшчы ў 1382 годзе памёр польскі кароль Людовік, каторы адначасна быў і вэнгерскім каралём. Мужчын каралеўскага роду не засталося, спадчыну прынялі яго жонка Катарына і дзьве дачкі — Марыля і Ядвіга. Фамілія караля