Паўтарэньне актаў голасна гаворыць аб тым, што яны ня маюць моцы ў жыцьці. Калі-б акт 1386 году быў рэальным, моцным, то само сабою зразумела, што ня прышлося-б пытаньне аб вуніі падымаць на далейшых зьездах больш, чым дзесяць раз. З гістарычных дакумантаў мы ведаем, што гэтае пытаньне падымалася зноў у наступныя гады: 1401, 1413, 1447, 1451, 1453, 1501, 1503, 1564, 1566 і 1567. Як мы бачым з гэтага пералічэньня гадоў, пытаньне аб вуніі асабліва падкрэсьліваецца і вымагаецца жыцьцём у 60-я годы XVI сталецьця. Пасьпелі якіясь прычыны, каторыя патрабавалі поўнай, рэальнай вуніі. Галоўнейшай з гэтых прычын быў той польскі соцыяльны і політычны ўплыў, якому былі адчынены дзьверы на Літву і Беларусь актам 1386 году. Апроч таго, на вунію з Польшчай гоніць Літву і Беларусь яшчэ адна важная прычына, гэта — імперыялістычны націск з усходу, збоку Маскоўскага гаспадарства. Гэты націск робіцца асабліва моцным якраз у 60-я годы XVI сталецьця, калі ў Маскве разьвіваецца тэрор апрычніны. Ратуючыся ад тэрору Івана IV Грознага, літоўска-беларускае панства падпісала ўрэшце апошні раз вунію з Польшчай. Гэтая вунія скончыла незалежнае самабытнае існаваньне Літоўска-Беларускага гаспадарства, каторае ўвайшло ў склад Рэчы Паспалітай.
АДНОСІНЫ ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ ДА ГАСПАДАРСТВА МАСКОЎСКАГА
Літоўска-Беларуская дзяржава з самага пачатку свайго існаваньня ўзяла на сябе заданьне сабраць у адзін політычны організм заходнюю частку рускіх славян. У XIII і ў першай палавіне XIV сталецьця яна была ў гэтых адносінах адзінаю і ня мела ў справе зьбіраньня суперніка. Горад за горадам, тэрыторыя за тэрыторыяй уходзілі ў склад заходня-рускага гаспадарства. З другой палавіны XIV сталецьця ў дзяржавы-зьбіральніцы зьявіўся супернік. Гэта было Маскоўскае гаспадарства, каторае пачало хутка расьці і рабіць зьбіраньне ўсходняй часьці рускіх славян. І тая, і другая дзяржавы, групуючы вакола сябе гарады і пашыраючы свае тэрыторыі, урэшце спаткаліся межамі ў канцы XIV сталецьця. З гэтага часу і пачнецца суперніцтва паміж зацікаўленымі ў тэрыторыях зьбірацелямі, Літвой і Беларусьсю, з аднаго боку, і Масквою — з другога боку.