выканаўчую ўладу — кароль, не абраны, а насьледны. Справы ў Сойме выяўляюцца не аднагалосна, а большасьцю галасоў, дзякаючы чаму выкасоўваецца liberum veto. Выкасоўвалася таксама права конфэдэрацыяў. Шляхта, як і раней, лічылася пануючым станам у дзяржаве. Мяшчане мелі права пасылаць у Сойм сваіх паслоў, апроч таго, яны даставалі магчымасьць праз куплю зямлі ўваходзіць у склад шляхты. Палажэньне мужыкоў мала чым мянялася. Прыгон аставаўся, як і раней; пану давалася, праўда, магчымасьць вызваляць мужыка ад прыгону і паляпшаць яго жыцьцё. Абвешчана была свабода веры, аднак-жа за каталіцтвам захоўвалася палажэньня пануючай у гаспадарсцьве веры.
Як мы бачым, новая констытуцыя, хоць і ўтварылася пад рэвалюцыйным уплывам, тым ня менш вельмі далёка адыйшла ад ідэяў тагочаснага прогрэсу. Але і такая констытуцыя абурыла шляхту старога гатунку. Гэтая шляхта, для абароны сваіх старых шляхоцкіх правоў, злажыла Таргавіцкую конфэдэрацыю пад кіраўніцтвам паноў: Шчаснага, Браніцкага і Жэвускага. Яны зьвярнуліся да імпэратрыцы Кацярыны з заяваю, што яна, на аснове пастановы Сойму 1768 году, павінна абараняць стары лад Рэчы Паспалітай. Разумеецца рускія войскі ня прымусілі сябе доўга чакаць. Яны паддзяржалі конфэдэратаў і занялі Варшаву. Прускі кароль з свайго боку, як-бы для спыненьня польскага бязладзьдзя, заняў сваімі войскамі заходнія провінцыі Польшчы. Зноў вынікла пытаньне аб компэнсацыі дзяржаваў, каторыя патурбаваліся і зрабілі парадак ў Рэчы Паспалітай. На гэты раз Расея і Прусія запатрэбавалі ад Сойму, скліканым у Горадне, згоды на аддачу ім за фатыгу земляў. Пасьля безкарысных спрэчак з прадстаўнікамі „дапамогшых“ дзяржаваў, паслы Сойму, бачучы, што няма рады абараніць тэрыторыі ад захопу, замаўчалі зусім. У такім нямым пасяджэньні Сойм прасядзеў да глыбокай ночы. Гэтае маўчаньне было растлумачана, як згода, — і адбыўся ў 1788 годзе другі разьдзел Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй і Расеяй. Прусія дастала Данцыг і Вялікую Польшчу, а Расея — Валынь, Падолію і Менскую вобласьць. Рэшта земляў Рэчы Паспалітай былі абвешчаны фармальна пад протэктаратам Расеі. Варшава была занята рускімі войскамі.
Патрыёты Рэчы Паспалітай, ня гледзячы на ўсе беды, якія абрушыліся на іх бацькаўшчыну, ня гледзячы на здраду з боку рэакцыйнай шляхты, не пакідалі сваіх плянаў паратунку гаспадарства. Яны павінны былі ўтварыць тайную арганізацыю і цэнтр яе перанесьці ў замежныя землі. Мэтаю гэтай арганізацыі была барацьба за непадзельнасьць Рэчы Паспалітай. Камітэты арганізацыі былі і ў межах Польшчы, напрыклад, у Варшаве. Яны працавалі сярод шляхты, мяшчан і сялянства. Паўстаньне пачалося адразу пасля разьдзелу.