Пры наступніках Алега (Ігар, Вольга, Сьвятаслаў 912–972) залежнасьць Полаччыны ад Кіева паступова ўсё падае. У апошнюю чэцьверць Х-га стагодзьдзя ў Полацку ўжо незалежна княжыць Рагвалод. Магчыма думаць, што Рагвалод быў патомкам тых мясцовых полацкіх князёў, якія раней былі ў Полацку. Гэта пацьвярджаецца чыста славянскім імем самога Рагвалода і дачкі яго Рагнеды[1].
Рагвалод скарыстаў спрэчкі, якія йшлі паміж сынамі Сьвятаслава — Яраполкам, Алегам і Ўладзімерам. Ён значна пашырыў Полаччыну, дадаўшы да яе Тураўскае княства, каторае раней залежала ад Кіева. У сваіх спрэчках сыны Сьвятаслава, Яраполк і Ўладзімер, шукалі сабе дапамогі з боку Рагвалода. Дзеля гэтай мэты абадва браты дамагаліся рукі дачкі Рагвалодавай Рагнеды, каб палітычны зьвязак зацьвярдзіць сваяцтвам. Маладыя князі заслалі сватоў да Полацкай князеўны. Летапіс гаворыць, што Рагнеда, даведаўшыся, што Ўладзімер быў сынам Сьвятаслава і рабыні, не хацела быць жонкаю рабыніча і з пагордай адказала так: „не хочу разути рабынича, а за Ярополка иду“. Калі Ўладзімеру перадалі адказ Рагнеды, ён у 980 годзе пайшоў паходам на Полацак, разьбіў полацкае войска, зруйнаваў горад, забіў Рагвалода і яго двох сыноў, а Рагнеду забраў у Кіеў і прымусіў быць сваею жонкаю. Ад яе ён меў чатырох сыноў і дзьве дачкі; старшы з сыноў быў Ізяслаў.
Нават тут, у палацы Кіеўекага князя йшоў працяг спрэчкі паміж Полацкам і Кіевам. Водгукі гэтай спрэчкі адчуваюцца ў кіеўскім летапісе. Паданьне гаворыць аб тым, што Рагнеда не магла забыцца сваей крыўды і хацела раз забіць Ўладзімера. Ён хапіўся за меч, каб засячы гордую палачанку, але маленькі Ізяслаў стаў таксама з мечам на заслону сваей маткі. Гэткі маленькі абаронец так спадабаўся Ўладзімеру, што ён даў яму насьледнае Полацкае княства. А для Рагнеды ён збудаваў каля Менску новае места Ізяслаўе і адаслаў яе туды на жыцьцё (987). Калі мы паміж радкоў нерачытаем гэтае паданьне, то пабачым, што для Кіеўскага князя было ня зусім бясьпечна дзяржаць каля сябе нават і жонку, калі яна была шчыраю палачанкаю. Ад Ізяслава і пачынаецца род гістарычных полацкіх князёў, каторыя завуцца Ізяславічамі. Поруч з гэтым часта летапіс называе полацкіх князёў „Рагвалодавымі ўнукамі“. Спрэчка паміж Полаччынаю і Кіеўшчынаю ня скончылася пры Ўладземіры з высылкаю Рагнеды. Яны прыняла толькі другую форму, ня выходзячы з сям’і вялікага князя кіеўскага. У летапісе мы чытаем адно апавяданьне, каторае на першы пагляд, як-бы і не дае матар’ялаў да нашага пытаньня, але, ўгледзеўшыся ў каторае, мы бачым працяг
- ↑ Некаторыя вучоныя думаюць аб гэтым наадварот.
Рэд.