русских“. Рэчка Няміга цяпер высахла. Па рыцьве яе ідзе Няміская вуліца ў Менску. Часам вясною напаўняецца вадою Няміга і ўспамінае сваё мінулае.
Дрэнна скончылася гэтая Няміская бойка для сыноў Полаччыны. Большая частка іх палягла тут, як снапы на полі, і не вярнуліся яны да хат сваіх. Ўсяслаў быў разьбіты. Але немалыя былі страты і кіеўскіх Яраславічаў. Замест таго, каб скарыстаць пабеду і гнаць далей разьбітых палачан, яны павінны былі праз нейкі час заклікаць да сябе Усяслава, каб зрабіць з ім згоду. Усяслаў з двама сынамі і невялікаю дружынаю прышоў у кіеўскі лагер, не спадзяючыся, што паўднёвыя князі ўмысьлілі злачынства. Яны схапілі яго і сыноў, закавалі іх у моцныя кайданы і адвязьлі ў палон у Кіеў. Смутна было на сэрцы палоннага князя, каторы сядзеў ў ланцугох у кіеўскім парубе пад велікакняскімі палацамі. Душа яго вітала на роднай Полаччыне. Відаць, шмат ён думаў аб тым, што там робіцца, калі раніцаю ў турме чуў, як у далёкім родным Полацку ў сьвятой Зофіі званы звоняць на заутраню. І звалі яго гэтыя званы на бацькаўшчыну.
Нядоўга аднак-жа таміўся князь-чарадзей у палоне. Чары яго былі сільней ланцугоў і праз сьцены турмы йшлі па Кіеву да народу Кіеўскага. Небясьпечны быў полацкі палоньнік для магутнага князя Кіеўскага.
На другі год палону Ізяслаў Кіеўскі павінен быў ісьці паходам на полаўцаў, каторыя пачалі руйнаваць паўднёвыя землі. Полаўцы разьбілі яго, і вярнуўся ён да дому з ганьбаю. Тады ўзбунтаваліся кіяўляне, вызвалі з парубу князя-чарадзея і запрасілі яго на Кіеўскі пасад замест Ізяслава, нарушыўшы гэтым правы другіх паўднёвых князёў. Здаецца чаго больш было жадаць Усяславу? З сумнай турмы падняўся ён на залатакованы Кіеўскі велікакняскі пасад, на той самы пасад, які быў так жаданым для ўсіх паўднёвых князёў. Навокала была багацьце, пашана; зьзяла паўднёвае сонца Украіны. Так вось не! Як і раней у парубе, звалі яго званы, якія званілі у сьвятой Зофіі ў Полацку. І гучна відаць званілі яны ў сэрцы князя Полаччыны, калі ён толькі сем месяцаў здалеў праседзець на Кіеўскім пасадзе. Цягнула яго далёкая Полаччына, пакрытая смугаю туманаў, але блізкая яго сэрцу. З паходу з-пад Белграду ўцёк полацкі князь-чарадзей на сваю бацькаўшчыну. Усе гэтыя падзеі так апісвае пясьняр Слова аб Ігаравым палку: „Кінуў жэраб’е Ўсяслаў, даткнуўся пікаю да залатога пасаду кіеўскага. І пабег ён зьверам лютым ад іх аб поўначы з Белграду, і зьнік у сіняй смузе“.
І пайшло зноў змаганьне паміж „Рагваложымі ўнукамі“ Ізяславічамі і Кіеўскімі Яраславічамі, пасярод каторых ужо ўзрасла новая працавітая і даравітая асоба — Ўладзімер