многа народу пайшло на паўночны ўсход. Першымі сталі асядаць там некаторыя з кіеўскіх князёў, якія шукалі спакайнейшага месца. Ужо Уладзімер Манамах быў адным з такіх князёў. Князі задзержваюць тут бежанцаў з кіеўшчыны, арганізуюць іх, як эканамічна, так і палітычна. Утвараюцца новыя адносіны паміж насяленьнем і князем. Тут гаспадаром жыцьця становіцца князь, Юры Даўгарукі, потым яго сын Андрэй Багалюбскі. Яны найбольш разьвярнулі тут сваю княска-гаспадарчую працу. Хоць яны і Кіеўскія князі, але традыцыі Кіева ўжо чужыя для іх. Расьце і ўзмацняецца тая Ростава-Суздальская тэрыторыя Русі, якая дагэтуль ня мела вялікага значэньня. Усе сілы гэтай тэрыторыі ідуць на яе ўзрост, і ёй цяпер не да Полаччыны. Усё гэта давала Полаччыне магчымасьць зноў прыняцца за згодную працу і адпачываць ад таго цяжкога жыцьця, якое выпала на яе долю ў першай трэці ХІІ стагодзьдзя.
Пасьля сьмерці Ўсяслава Васільковіча, у 1180-м годзе мы бачым у гісторыі Полаччыны надта цікавае здарэньне. Летапіс апісвае яго так. Ўсяслаў Васільковіч быў дужа ўлюблены народам князь. Меў ён пашану ня толькі ад князёў Полацкай вямлі, але і ад простага люду. Усе яго паважалі за яго розум, справядлівасьць і дабрату, і называлі нават вялікім. Калі ён памёр, то веча пераконанае ў тым, што другога такога князя немагчыма знайсьці, каб не зьняважыць нябожчыка, не абрала ніякага князя і ўхваліла ў Полацку рэспубліку. Замест князя абралі 30 старшын, каторыя і кіравалі рэспублікай некалькі гадоў, да 1190 году.
Немагчыма згадзіцца з тым, што рэспубліка ў Полацку ўтварылася толькі дзеля таго, што веча не знайшло годнага кандыдата на месца князя. Ня можна згадзіцца і з тым, што веча не абрала князя толькі затым, што яно ніяк не магло кіравацца ў лініях родзтва князёў. Мы ведаем, што веча ня лічыла для сябе абавязковым, пры абраньні князя, кіравацца яго старшэнствам. Князем абіраўся той, хто больш здавольваў умовам веча. Трэба такім спосабам шукаць другіх, больш грунтоўных прычын для такой палітычнай падзеі, як перамена формы кіраваньня.
Каб дайсьці да прычыны заснаваньня рэспублікі ў Полаччыне, зьвернемся да параўнаўчага мэтоду. Мы зробім адзін успамінак з паданьняў даўняй Эльляды, каторы вельмі падобны да нашага паданьня і ўжо выяўлены гістарычнаю навукаю.
Быў калісь у Аттыцы, у незапомныя часы, адзін цар, на імя Кодр. Народ вельмі любіў яго за яго добрае, справядлівае кіраваньне. І вось, адзін раз напалі на Аттыку ворагі, ад каторых ніяк ня можна было абараніцца. Тады людзі зьвярнуліся да боскай дапамогі. Аракул даў такі адказ: адзержыць верх тая старана, дзе загіне цар. Калі гэты