Праўда, мясцовыя князі не зганяюцца з сваіх пасадаў, але яны павінны прызнаць як-бы васальную залежнасьць ад вялікага князя і гаспадара Літвы і Беларусі. Толькі ў тых валасьцёх, дзе пасады аставаліся па якіх-небудзь прычынах пустымі, гаспадар садзіў, як квязёў-намесьнікаў, сваіх родзічаў, або сваякоў.
Адносіны гаспадарства да нямецкіх ордэнаў.
Важнейшаю з надворных справаў Літоўска-Беларускага гаспадарства было змаганьне з нямецкімі ордэнамі, аб якіх мы казалі вышэй. З ІХ-га, а асабліва з Х-га стагодзьдзя пачынаецца вялікі рух германскага пляменьня на ўсход. Drang nach Osten. Гэты рух на ўсход найперш прыціснуў заходніх, балтыцкіх славянаў, каторыя раней жылі аж да самага Рэйну. Стагодзьдзе за стагодзьдзем ішоў гэты націск немцаў і славяне адыйшлі аж за Эльбу (Лабу). На поўначы Заходняй Эўропы, па берагох балтыцкага мора, нямецкі націск быў сільнейшы. Немцы ўсе свае сілы сконцэнтравалі ў гэтым кірунку. Усё гэта зразумела само сабой, калі мы будзем мець на ўвазе каштоўнасьць і ў тыя, і ў нашыя часы марскога берагу. Пад Балтыцкім морам немцы асабліва напіралі на насельнікаў — тубыльцаў і, ідучы па беразе на ўсход, спаткаліся, як мы ведаем, з палякамі і ліцьвінамі. Ліцьвіны пачалі бараніцца ад гэтага ўціску і, каб абарона была трывалейшай, пачалі арганізавацца. Так збудалася дзяржава. Новай дзяржаве прышлося зьдзержваць нямецкі націск. Пачалася цяжкая барацьба, каторая цягнулася праз стагодзьдзі. Ужо Мэндаўгу трэба было бараніцца і ён бараніўся, як мог, дзе мечам, дзе хітрасьцю. Тое самае рабіў і Гедымін. Часта, ня маючы магчымасьці узяць верх над немцамі сілаю меча, ён зьвяртаўся і да другіх спосабаў. Так, напрыклад, адзін раз ён прасіў у рымскага папы заступніцтва ад мечаносцаў. Папа, скарыстаўшы гэтае здарэньне, прапанаваў Гедыміну прыняць хрысьніянства па заходнім абрадзе. Гедымін, па пробе Мэндоўга, ужо даведаўся, што каталіцтва ня можа абараніць Літву і Беларусь ад крыжацкага ўціску. Каталіцтва якраз было тэю сьцежкаю, па каторай ішлі палітычныя жаданьні немцаў. Гедымін рэзка адхінуў прапазыцыю папы. Як кажа паданьне, ён адказаў пасланцом папы так: „Калі я меў намер калі-небудзь хрысьціцца, то няхай мяне сам чорт хрысьціць. Пэўна, я казаў, як і напісана ў грамаце, што буду паважаць папу, як бацьку, але я гэта сказаў затым, што папа старэйшы за мяне. Усіх старых я паважаю, як бацькоў, таварышаў люблю, як братоў, а малодшых за мяне люблю, як сыноў“. Барацьба