Царкоўную вунію, каторая прывяла-б сяляніна да каталіцтва паступова, не нарушаючы яго традыцыяў. Трэба прызнацца, што шлях быў прыдуманы разумны. І па гэтым шляху можна было-б цьвёрда і пэўна прыйсьці да мэты, калі-б каталіцкі ўрад Польшчы быў такі добры палітык, як езуіты.
Думка аб вуніі ня была выдумана езуітамі. Яна істнавала даўно сярод разумнейшых людзей, і яе прабавалі рэалізаваць яшчэ ў 1439 годзе ў Флёрэнцыі. Людзі рэлігійнага настрою хварэлі сэрцам, бачучы разьдзел хрысціянства і спадзяваліся, што вунія скасуе гэты разьдзел і парушыць загарадку паміж царквамі. І на Беларусі думка аб вуніі вынікла ў лепшых людзей, каторыя думалі, што яна збудуе нацыянальную царкву і прынясе згоду, што злучэньне каталіцкай і праваслаўнай веры ня будзе мостам для пераходу з аднае веры ў другую, а пэўным праўдзівым злучэньнем. Вядома, што такі шчыры праваслаўны і шчыры беларус, як князь К. Астроскі, адзін час паддзержваў ідэю вуніі. Ён стаў проці вуніі толькі тады, калі пабачыў, якая вунія прапануецца.
З працаўнікоў — езуітаў у справе вуніі мы павінны ад’значыць вядомага ў свой час тэолёга і прамоўца, рэктара Віленскай езуіцкай акадэміі, Пятра Скаргу. Ён напісаў твор пад назовам: „Аб еднасьці царквы Божай і аб грэцкім ад гэтай еднасьці адступленьні“. У гэтым творы ён апісвае такія недахопы ў царкоўным праваслаўным жыцьці Беларусі таго часу. Праваслаўныя сьвяшчэньнікі маюць жанок і сем’і; дзякуючы гэтаму, яны больш клапоцяцца аб сваіх уласных справах, чымся аб справах царквы. Яны агрубелі і зрабіліся, як „хлопы“. Набажэнтва ў праваслаўнай царкве адпраўляецца ў мове славянскай, дзеля чаго сьвяшчэньнікі ня ведаюць грэцкай і лацінскай моваў, без каторых ня можна знаць навукі, бо навука выкладаецца толькі ў гэтых мовах. У жыцьцё праваслаўнай царквы на Беларусі ўмешваюцца сьвецкія асобы, у рукі каторых папалі нават і епіскапы. Каб зьнішчыць усе гэтыя недахопы, трэба зрабіць вунію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Пры гэтым, праваслаўная царква можа пакінуць сабе усходні абрад, яна павінна толькі прызнаць галавою ўсяе царквы Хрыстовага намесьніка ў Рыме, папу, і прыняць вучэньні каталіцкай царквы.
Мы ня будзем рабіць разбору ўсяго зьместу твору Скаргі. Усе гэтыя тэолёгічныя размовы былі толькі размовамі, пад каторымі крылася палітычная мэта. Мы прыпынімся толькі над некаторымі фактамі жыцьця праваслаўнай царквы ў Беларусі, каторыя закрануты Пятром Скаргаю.
Справа ў тым, што праваслаўная царква ў Беларусі была ў тыя часы ў цяжкім становішчы. Ей былі нанесены тры ўдары: адзін рэформацыяй, другі адроджаным каталіцтвам, трэці — палітычным польскім уплывам. Найраней за ўсё,