і яго ўрад могуць працаваць безкантрольна. Усе справы, як у сойміках, так і ў Вальным Сойме, павінны былі выяўляцца, як пастановы, ад’нагалосна, Трэба адзначыць, што ў старажытныя часы гэтая аднагалоснасьць часта дасягалася даволі лёгка. Але з працягам часу прынцып аднагалоснасьці ўсё больш і больш перашкаджаў справядлівай і нармальнай працы Сойму. Даволі было аднаму паслу не згадзіцца з пастановай большасьці і паставіць свае „veto“, „не дазваляю“, як гэта пастанова прыпынялася. Лепшыя людзі Польшчы яшчэ у пачатку 16 стагодзьдзя пробавалі змагацца з гэтым шкадлівым для гаспадарства прынцыпам, але ня здолелі дабіцца свае мэты. Шляхта бачыла ў скасаваньні аднагалоснасьці і вольнага „veto“ скасаваньне сваіх правоў.
На чале выканаўчае ўлады стаіць кароль, з канца 16 стагодзьдзя — выбарны. Ні кароль, пры сваім жыцьці, ні сойм, пры жыцьці караля, ня можа намеціць яму наступніка. Гэтым забясьпечваецца поўная свабода шляхты пры абраньні караля. Сыстэматычна, пасьля скананьня кожнага караля, пачыналася выборчае бязладзьдзе, каторае цягнулася ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. На часы бескаралеўя істнавала асобная пасада інтэрэкса, каторую звычайна займаў польскі прымас, арцыбіскуп Гнезненьскі. Абірае караля так званы элекцыйны „выбарчы“ Сойм разам з ўсей шляхтай; абраньне караля таксама павінна адбыцца аднагалосна. Правы польскага караля зусім нязначныя, яны больш падобны на абавязкі. Кароль мае права склікаць Сойм і назначыць тэрмін на яго пасяджэньня. Ад імя караля творыцца ў гаспадарстве суд. Кароль назначае на вышэйшыя ўрадовыя пасады; але пасады даюцца пажыцьцёва і адабраць іх можна толькі за вялікія праступкі. Кароль стаіць на чале шляхоцкага апалчэньня, што фактычна потым перайшло на кароннага гетмана. Кароль вядзе зносіны з чужаземнымі дзяржавамі, за што ён адказны перад Соймам. Кожнаму каралю перад абраньнем ставіліся ўмовы, каторыя ён падпісваў. Калі кароль нарушыў якія-колечы з гэтых умоваў, шляхта мела юрыдычная права адмовіць яму ў паслушэнстве і нарушыць прысягу. Нават такія факты ў прыватным жыцьці караля, як яго жаніцьба, развод, замежная падарожжа і г.д. былі падлеглыя кантролю Сойму. Прыняўшы пад увагу ўсё вышэйсказанае, мы бачым, што Польшча, ня гледзячы на істнаваньне каралеўскае ўлады, была хутчэй рэспублікаю, чым каралеўствам. Так глядзела на лад Польшчы і дзяржаўнае права, каторае дало ёй назву Рэч-Паспалітая, што ў тлумачэньні і значыць — „рэспубліка“. Далей мы бачым, што ўся ўлада ў гэтай рэспубліцы належала да Вальнага Сойму і Соймікаў, каторыя складаліся з панства, шляхецтва. Ніжэйшыя станы палітычных правоў ня мелі. Дзякуючы гэтаму, Польская рэспубліка