была панскай, шляхоцкай рэспублікай, бяз ўсякіх ад’знакаў дзмакратызму.
Вышэйшым станам у гэтай рэспубліцы, разумеецца, была шляхта. У параўнаньні з другімі дзяржавамі лік шляхты ў Польшчы быў вялікі. Магнаты таксама ўваходзілі ў гэтую клясу і ня мелі ніякай юрыдычнай перавагі над звычайнымі шляхцічамі: яны і шляхта лічаць сябе братамі. Зьвязак з зямлёю шляхты ў Польшчы не абавязковы: было шмат і такіх шляхцічаў, каторыя ня мелі зямлі. Яны служылі ў палацах багатых і заможных магнатаў, складаючы іх сьвіту. Што датычыць да тытулаў князя, графа і інш., то іх насілі толькі тыя фаміліі, каторыя мелі гэтыя тытулы ў часы Люблінскай вуніі. Пазьней гэтыя тытулы нікому, апроч чужаземцаў, не даваліся. Кляса шляхты з вялікаю стараннасьцю захоўвала чыстату свае белае косьці і панскае крыві. Калі вынікала пытаньне аб нерадавітасьці якога-небудзь шляхціча, то ён павінен быў абяліць сябе шасьцьма сьведкамі: двума па бацьку, двума па яго матцы і двума па сваёй матцы. Гэты спосаб абяленьня да пачатку 16 стагодзьдзя ўжо зьнікае: шляхоцкія фаміліі ўжо абмежавалі сябе і зацьвярдзілі сваю шляхоцкую вартасьць. Высокімі мурамі адгарадзілася гэтая кляса ад другіх клясаў і зрабілася кастаю. Шляхоцтва перадаецца толькі ад бацькоў. Праўда, можна дастаць шляхоцтва праз пасынаўленьне, але толькі тады, калі на гэтае пасынаўленьне згаджаецца ўвесь род пасынаўляючага і Сойм. Шляхоцкую вартасьць можа дараваць і кароль. Дараваньне шляхоцтва каралём таксама носіць кірунак пасынаўленьня. Кароль пасыноўленай асобе дае і герб. Дараваньне шляхоцтва каралём з палавіны 17-га стагодзьдзя ўжо не сустракаецца: шляхта забясьпечыла сябе і з гэтага боку. Згубіць шляхоцтва можна па суду і за няпрыстойныя для шляхціча паступкі. Такімі паступкамі лічыліся, напрыклад, заняцьце гандлем і прыняцьце ў род простага чалавека,
Даставаць свае правы шляхта пачала яшчэ з канца 14 стагодзьдзя. З разьвіцьця шляхоцкіх прывілеяў мы бачым, што для дастаньня іх шляхта карыстала з двох фактаў жыцьця Польшчы: з свайго права выбіраць караля і зацьвярджаць налогі. Выбіраючы караля і зацьверджаючы ў Сойме налогі, шляхта ніколі не забывалася сваіх клясавых інтарэсаў. Правы яе былі вялікія.
Шляхта, найраней за ўсё, кіруючы стан. Шляхцічы і толькі шляхцічы даюць паслоў на Сойм і на Соймікі. Шляхта выбірае караля пагалоўна (viritim); кожны шляхціч можа спадзявацца быць выбраным за караля. Вышэйшыя ўрадовыя пасады займаюць толькі шляхцічы. Таксама стаяла справа і з духоўнымі пасадамі: пасаду прэлата, напрыклад, мог заняць толькі шляхціч. Рымскі папа асобнаю буляю