забесьпечыў за шляхтаю гэтае права. Толькі шляхціч мае і грамадзянскія правы: свабоду сходаў, свабоду слова, незачэпасьць асобы, памешканьня і маетнасьці. Толькі шляхціч можа мець двор з прыпісанымі да яго сялянамі. Што датычыць мяшчан, дык яны могуць валадаць зямлёю толькі ў межах мястовых. Усе землі шляхты вольны ад дзяржаўных налогаў і павіннасьцяў. Наагул, усе фінансавыя абавязкі шляхты ў адносінах да гаспадарства былі толькі дабравольныя і залежалі толькі ад згоды самой шляхты. І трэба зазначыць, што шляхта на ўсім працягу гісторыі Польшчы добра паказала сваю „добрую волю“ ў абавязках да дзяржавы, каторая ня бачыла, праўду кажучы, шляхоцкіх ахвяр. Праўда, на шляхце даволі доўга ляжаў абавязак „паспалітага рушэньня“, пагалоўнай службы ў апалчэньні, але і гэтыя апалчэньні склікаліся зусім нячаста. Апроч таго, гэты абавязак даваў шляхце права быць аружным станам і даваў магчымасьць зьбірацца з аружжам у руках ня толькі на абарону дзяржавы, але і на абарону сваіх шляхоцкіх правоў.
Былі ў шляхты і ўсялякія дробныя правы. Шаяхціч быў зусім вольным ад прымежных, мытных падаткаў. Толькі шляхта мела права курыць сьпірт і адчыняць шынкі, мець млыны, кузьні і г. д. Адным словам, шляхоцкаму стану жылося ў Польшчы вельмі добра. Затое надта нядобра жылося селяніну.
У 14 і 15 стагодзьдзях становішча хлопаў у Польшчы было яшчэ больш-менш выносным. Часам пападаліся каралі дэмакратычнага кірунку (напр, кароль хлопаў, Казімер Вялікі), каторыя разумелі ўсю важнасьць дабрабыту хлопаў для гаспадарства. Але з цягам часу шляхта стала ўсемагутнаю клясаю, з каторым кароль не адважыўся змагацца. Апроч таго, выніклі і некаторыя эканамічныя прычыны, што дрэнна пакіравалі мужычую справу.
У канцы 15 стагодзьдзя выявілася нязгоднасьць для абароны гаспадарства паспалітага шляхецкага рушэньня. Каралі часта павінны былі карыстацца нанятымі войскамі, каторыя складаліся з шляхцічаў і нешляхцічаў, палякоў і непалякоў. Ваяўніцкая чыннасьць шляхоцкага рыцара паменшылася і ён мог сесьці на зямлю і заняцца вясковай гаспадаркай. Каля гэтага часу былі прылучаны да Польшчы і землі пры ўтоку Віслы. Цяпер стала магчымым вывазіць заграніцу вяскова-гаспадарскія прадукты, што давала немалы даход. Разумеецца, шляхта надта зацікавілася зямлёю. Але адна зямля, калі над ёю не працаваць, ёсьць няжывы капітал і не дае ні хлеба, ні даходаў. Шляхціч таго часу ведаў гэта так-жа добра, як і шляхціч нашага часу. Ведаў ён яшчэ, што працаваць над зямлёю вельмі цяжка і што куды прыямней, калі земляробам будзе мужык, а дагледчыкам