Карусь Каганец
(Да 10-й гадавіны сьмерці)
Ёсьць шмат цікавых зьяваў у нашай гісторыі дзевятнаццатага і дваццатага сталецьцяў, але Карусь Каганец—адна з найцікавейшых у галіне беларускага культурнага і грамадзкага жыцьця гэтага часу. Справядлівей кажучы, ён—самы яркі, самы палкі каганец, гэта значыць, сьветач тае пары. Ен загарэўся з рэштак вугальля паўстаньня 1863 г., запалаў у рэволюцыю 1905 г. і так моцна падтрымліваў сваёй працай агонь змаганьня за соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне беларускага народу, што ўжо ў полымі Кастрычнікавае рэволюцыі быў няпрыметны: справу рабілі ўжо ўсе працоўныя. Радзіўся, рос і дзейнічаў ён у самы цяжкі для сябе і свайго народу час. Сацыяльны, нацыянальны і рэлігійны ўціск цяжару ўжо, здавалася, задушыў сялянства, якое ў той час складала ўвесь беларускі народ. Нават мова яго фактычна, а значыць і юрыдычна, была забароненай для грамадзкага і дзяржаўнага ужытку, і таму заняпала. Трэба было мець гэніяльныя здольнасьці і сьмеласьць непамерную, каб пачаць працу на карысьць гэтага народу, бо неабходна было падрыхтоўваць рэволюцыю, узбагачваць і разьвіваць мову, тварыць літаратуру і выяўленчыя мастацтвы, пашыраць асьвету і г. д., і г. д.