Прышлося прыняць гасьцей як сьледна і яны, пажыўшы ў нас, зусім здружыліся з намі. Але
„Жыў да недалёка
Бел птух як малако,—
Іх доля шчасьліва
Стала яму крыва.
Стаў к ім заляцацца
Славай пахваляцца,
Стаў з імі дружыці —
Па аднэй звадзіці".
Бяда ад „дружбы“ польскага арла млечнага колеру была вялікая. Але заўсёды знаходзяцца людзі, якія гатовы ратаваць чалавека ад гвалту, каб пасьля самім чыніць гэты гвалт:
„Абабраўся птух ратаваць нас:
З крывымі нагамі,
З двама галавамі.
Белага прагнаў,
На нас нагукаў;
Стаў нас пацяшаць—
Усюды разганяць;
Казаў: сябе слухаць.
Чалом яму бухаць,
Яму верна служыці,
Яго дзяцей карміці" (1902).
І вось беларускі народ з даўных часоў
„Стогне, ой, стогне ад пана чужога,
Мала ад чужого, стогне ад свайго,
Бо свой ад стара да малога
Зьдзекуюцца з таго, што чціў прадзед яго" (1902).
Казімір Карлавіч першы сярод беларускіх песьняроў падкрэсьліў, што народ стогне ня толькі ад чужацкіх паноў, але і ад сваіх, бо і ад іх церпіць той самы соцыяльны, нацыянальны і рэлігійны ўціск. Паны народ эксплёатавалі, як маглі, і ім ужо здавалася, што ён як народ, памёр і ня мае сваіх нацыянальных і соцыяльных жаданьняў.
„Бо мы носім сьвіту шэру,
Нікога ня крыўдзім,
Мы працуем бо надмеру,
Да шчасьця ня відзім.
Адно панству адрабляем
За патрэбы нашы,
А ўсё неяк патрапляем
Паном у закарвашы.
Бо мы бедны, мы галодны.
Ня знамо круціці" (1904).