Астап пакахаў дачку ўдавы Прузыны, у якой служыў. Марыля таксама кахала яго. Але матка думала, што Астап ня пара дачцы, бо бедны ды і ў салдаты павінен быў ісьці. І, калі ён сапраўды пашоў на службу,—новы парабак горш рабіў, і Марылі прышлося зарабляць у дварэ. Там да яе чапіўся паніч і, урэшце, пры дапамозе аканома спаіў і згвалціў яе. Марыля змарнела і памерла „і дзіця чуць усьпелі ахрысьціць". Астап, вярнуўшыся дадому і ўведаўшы ўсё, пашоў у двор і дакараў паніча; той кінуўся біцца, і Астап забіў-бы яго, каб не перашкодзілі дворныя. Астапа пасадзілі ў турму, і пан шмат грошай завёз у горад, каб яго добра засудзілі. Піліп, брат Марылі, абяцаўся не дараваць панічу. Ужо з гэтага ходу дзеі і з трапнай абрысоўкі характараў і ўмоваў разгортваньня здарэньняў відаць, што калі-б жыцьцёвыя ўмовы дазволілі Казіміру Карлавічу канчаткова апрацаваць рэч, то з яе вышла-б вялікай соцыяльнай значнасьці драма.
„Двойчы трапілі“ — няскончаная драма ў 4 частках, таксама як і папярэдняя, завязваецца на аснове соцыяльнай няроўнасьці ўдавічэнкі Іўка і Хоўры, дачкі заможнага селяніна, што ўзаемна кахаюць адно другога. Тутака, дзякуючы вялікаму ліку асоб, аўтар удала пачаў паказваць старое жыцьцё вёскі і шкодную ролю п‘янства ў ім, а таксама ўжо ў пачатку пасьпеў выявіць некаторыя паасобныя характары. Аснова драмы складаецца з таго, што Іўка і Хоўра, як казана, кахаюцца. Бацька Хоўры—Пракоп хоча выдаць яе толькі за багатага, але любіць добра выпіць і прапівае дачку гультаю Атрыхону, які прапіў яе другому і сам пабег з карчмы, пачуўшы, што вясковая бывалая дзеўка Наста зьбіраецца за некагась замуж. Прыяцелі Іўка дамагаюцца ад Пракопа згоды на прыход Іўка ў сваты. На гэтым дзея трэцяя часткі трэцяй і абрываецца.
„Старжовы курган“— таксама пачатак вялікага твору, але застаўся толькі драматычным нарысам у трох зьявах, у якіх паказваецца, як казак Мікола пакахаўся з дачкою карчмара Хэйнаю. Ваявода таксама ўпадабаў Хэйну, „а яна яго ані блізка“. Калі-ж ваявода найшоў на пацалунак Міколы з Хэйнай, то моцна зазлаваў і рашыў папомсьціцца. З гэтаю мэтаю ён паслаў Міколу ў самае небясьпечнае месца, на старжовы курган, сачыць за рухам татар, якія ішлі на край. Казак заснуў на варце і яго пабудзіла красуня Бульляна, якую ён бачыў, заблудзіўшы ў лесе і набрыўшы на табар бежанцаў ад татараў. Выяўляецца, што Мікола і Вульляна ўпадабалі адно другога і на гэтым дзея абрываецца. Як бачым, і тутака дзея завязана на аснове соцыяльнай няроўнасьці, але адбываецца яна ўжо ў пэўных старасьвецкіх абставінах.