Атрыманае афіцыяльнае паведамленне з форта пацвердзіла рэальнасць гэтай небяспекі. Гэта вестка прышла праз два тыдні пасля пікніка.
Досвіткам, калі сям‘я плантатара яшчэ сядзела і снедала, коннік з форта перадаў Пойндэкстэру нейкі пакет.
— Непрыемныя навіны! — усклікнуў Пойндэкстэр, быстра прабегшы вачыма паперу. — Паколькі ў гэтым пераконаны сам маёр, значыцца, не даводзіцца сумнявацца.
— Непрыемная навіна, тата? — запытала дачка, моцна пачырванеўшы.
І адразу-ж падумала:
«Што-ж гэта маёр мог напісаць? Я сустрэла яго ўчора ў гаі. Ён бачыў мяне з… Ці можа гэта быць? Божа, калі толькі бацька дазнаецца!..»
— «Племя каманчаў на ваеннай сцежцы» — так піша маёр.
— І гэта ўсё?.. — сказала Луіза з палёгкай, як быццам у гэтым паведамленні не было нічога застрашаючага. — Ты напалохаў нас. Я думала, што паведамляюць аб чым-небудзь больш страшным.
— Больш страшным! Што за глупства ты гаворыш, дзіця маё! У Техасе няма нічога страшнейшага за каманчаў. Гэта самая вялікая небяспека.
Луіза больш не пярэчыла, хоць яна была іншай думкі.
Кольхаун запытаў:
— Ці ўпэўнены маёр, што індзейцы пайшлі на нас вайною? Што ён піша, дзядзя?
— Піша, што раней ён гэтым чуткам не надаваў значэння. Учора-ж ноччу ў форт з‘явіўся Дзікі Кот — правадыр семінолаў — з некалькімі прадстаўнікамі гэтага племя. Яны паведамілі, што па ўсім Техасе каманчы выставілі ў сваіх становішчах фарбаваныя слупы, што ўжо цэлы месяц гэтыя дзікуны танцуюць танец вайны, што некаторыя з іх ужо рушылі ў паход і што іх можна чакаць кожную хвіліну ў ваколіцах сетлмента.
— Дзікі Кот? — запытала Луіза. — Хіба гэтаму здрадніку можна давяраць? Ён, напэўна, такі-ж вораг каланістаў, як і свайго народа.
— Правільна, дачка мая. Маёр у гэтым пісьме дае яму дакладна такую-ж характарыстыку. Ён раіць быць асцярожным з гэтым двурушным нягоднікам, які, вядома, пяройдзе на бок каманчаў, як толькі гэта пакажацца яму выгадным. Ну, што-ж, — прадаўжаў плантатар, адкладаючы ўбок паперу і вяртаючыся да свайго кофе з вафлямі, — будзем спадзявацца, што, вышаўшы на ваенную сцежку, каманчы адступяць перад зубчатымі сценамі Каса-дэль-Карво і не асмеляцца закрануць нашу гасіенду.
У гэты час на парозе сталовай, дзе сядзелі ў часе снедання, з‘явіўся негр. На яго твары ззяла шырокая ўсмешка.
— Што табе патрэбна, Плутон? — запытаў ў яго гаспадар дома.