Некаторы час чалавек нібы вымяраў вачыма шырыню ракі і адначасова ўважліва ўглядаўся ў зараснікі на супроцьлеглым беразе.
Пераканаўшыся, што там нікога няма, ён узяў сваё ласо і спрытным рухам перакінуў цераз ўсю шырыню ракі.
Пятля апусцілася на насавы выступ лодкі. Зацягнуўшы пятлю, ён перацягнуў лодку да сябе.
Пераправіўшыся і прывязаўшы лодку, начны госць Каса-дэль-Карво стаў у цені топаля.
Наўрад ці патрэбна гаварыць, што гэта быў Морыс-мустангер.
Раздзел XXXII
СВЯТЛО І ЦЕНЬ
Нядоўга давялося Морысу чакаць пад топалем. У той самы момант, калі ён скочыў у лодку, у гасіендзе Каса-дэль-Карво адчынілася акно з боку саду. Пры святле месяца можна было бачыць маленькую белую руку, якая прытрымлівала адчыненую раму акна.
Праз некалькі хвілін Луіза Пойндэкстэр ужо спускалася па каменнай лесніцы ў сад.
На секунду яна спынілася, прыслухоўваючыся. Усплёскі вёслаў? Ці не здалося ёй гэта? Цыкады напаўнялі паветра сваім неўгамонным стракатаннем, і лёгка можна было памыліцца. Назначаная гадзіна спаткання надышла, і ў яе больш нехапала цярплівасці чакаць.
Нячутным поступам Луіза спусцілася па каменнай лесніцы, прашмыгнула ў сад, ціхенька прабралася цераз кусты, мінуючы мрамарныя статуі, і, нарэшце, апынулася пад топалем. Тут яе сустрэлі ласкавыя абдымкі мустангера.
* * *
— Заўтра ўночы мы зноў сустрэнемся, любы?
— Калі-б я толькі мог, я сказаў-бы табе: так, заўтра і паслязаўтра, і кожны дзень, мая любімая.
— Але чаму-ж не? Чаму ты не можаш гэтага сказаць?
— Заўтра досвіткам я павінен паехаць на Аламо.
— Вось што! Хіба табе так неабходна гэта?
Гэта пытанне прагучэла мімавольным дакорам. Кожны раз, калі яна чула ўспамін аб адасобленай халупе на Аламо, у ёй абуджаліся нейкія непрыемныя думкі. Чаму? Яна і сама не ведала.
— У мяне ёсць сур‘ёзныя для гэтага падставы.
— Сур‘ёзныя падставы? Хіба цябе хто-небудзь будзе чакаць там?