— Мой прыяцель Фелім і больш ніхто. Спадзяюся, што з ім нічога не здарылася. Я адаслаў яго туды дзён дзесяць таму назад, яшчэ да таго, як пайшлі гэтыя чуткі аб індзейцах.
— Толькі Фелім і больш ніхто? Ты гаворыш праўду, Морыс? Любы, толькі не падманьвай мяне. Толькі ён, ты сказаў?
— Чаму ты пытаешся ў мяне аб гэтым, Луіза?
— Я не магу табе сказаць, чаму. Я памерла-б ад сораму, калі-б прызналася ў тым, што мне іншы раз прыходзіць у галаву.
— Не бойся, скажы мне ўсё, што ты думаеш. Я не мог-бы нічога ўтаіць ад цябе. Ну скажы-ж, радасць мая.
— Ты гэтага хочаш, Морыс?
— Вядома, хачу. Я вельмі добра ведаю, што магу вырашыць усе твае неўразуменні. Ясна, што калі хто-небудзь даведаецца аб нашых адносінах, то пачнуцца непрыемныя для цябе размовы. Таму я лічу неабходным паехаць на Аламо.
— Для таго, каб там астацца?
— Усяго толькі на адзін або два дні. Толькі для таго, каб сабраць свае рэчы і сказаць апошняе бывай свайму жыццю ў прэрыі.
— Вось што?
— Ты, здаецца, здзіўлена?
— Не! Толькі азадачана. Я не магу зразумець цябе і, напэўна, мне гэта ніколі не ўдасца.
— Але-ж усё вельмі проста. Я прыняў адно вельмі важнае рашэнне і ведаю, ты даруеш мне, даведаўшыся аб гэтым.
— Дараваць табе, Морыс? За што?
— За тое, што я не адкрыў табе маёй таямніцы. Я не той, за каго ты мяне лічыш.
— Я ведаю толькі адно: што ты — благародны, прыгожы, смелы, а астатняе мне ўсёроўна. О, Морыс! Калі-б ты толькі ведаў, як ты дораг мне і як я кахаю цябе!
— Галубка мая, мы гарым з табою адным каханнем і, ахоўваючы наша шчасце, мы павінны адважыцца на разлуку.
— Разлуку?
— Так, любімая, мы расстанемся ненадоўга.
— На колькі?
— Колькі спатрэбіцца параходу для таго, каб перасеч Атлантычны акіян туды і назад.
— Цэлая вечнасць! А дзеля чаго?
— Вось бачыш, я павінен з‘ездзіць на радзіму, у Ірлдандыю. Вярнуўшыся, я дакажу твайму гордаму бацьку, што бедны мустангер, які заваяваў сэрца яго дачкі… Ці заваяваў я яго, Луіза?
— Ты сам гэта вельмі добра ведаеш. Каханне захапіла ўсе мае думкі, пачуцці і жаданні.
Зноў абдымкі. Зноў любоўныя клятвы, пяшчотныя пацалункі.
І не заўважылі яны, як раптам сціхла стракатанне цвырку-