— Так! Вось бачыце, дон Мігуэль, вы не дарэмна пасылалі мяне ў школу. Вось што дон‘я Ісідора напісала яму.
Дыяз нецярплівым рухам выхапіў у яго запісачку і прагна пачаў чытаць. Але запіска як быццам нават супакоіла яго.
— Карамба! — сказаў ён, неакуратна складваючы пісьмо. — У гэтым няма нічога асаблівага, дружа Хасэ. Тут толькі яе падзяка за зробленую паслугу. І гэта ўсё?
— Не, гэта яшчэ не ўсё. Вось, уласна, з-за чаго я да вас і прышоў: у мяне даручэнне ў сетлмент. Прачытайце.
— А! Другое пісьмо?
— Так, сен‘ёр. На гэты раз арыгінал пісьма, а не мае каракулі.
Дрыжачымі рукамі ўзяў Дыяз працягнуты яму лісток паперы, разгарнуў і пачаў чытаць:
«Сен‘ёру дону Морысіо Джэральду.
Дарагі дружа, я зноў тут у гасцях у дзядзькі Сільвіо. Жыць без вестак ад вас я больш не магу. Мяне мучыць невядомасць. Скажыце мне, ці паправіліся вы пасля вашай хваробы? О, калі-б гэта было так! Як я хачу зазірнуць вам у вочы — у вашы прыгожыя, выразныя вочы, каб пераканацца, што вы зусім здаровы. Будзьце ласкавы і дайце мне гэтую магчымасць. Праз поўгадзіны я буду на вяршыні ўзгорка, за домам майго дзядзькі.
Прыходзьце-ж, я вас чакаю!
Ісідора Каварубіо дэ Лос-Ланос».
— Пракляцце! Любоўнае спатканне! — закрычаў у абурэнні Дыяз. — Гэтага інакш нельга назваць! І яна назначае яго сама! Добра-ж, яе запрашэнне будзе прынята, толькі не тым, каму яно ласкава прызначана. Спазнення не будзе ні на адну хвіліну… Паслухай, Хасэ. Гэтая запіска больш не патрэбна — чалавека, якому яна адрасавана, ужо няма ў пасёлку, таксама як і нідзе паблізу. Невядома, дзе ён наогул цяпер знаходзіцца. Тут нейкая таямніца. Але не ў гэтым справа. Ты ідзі ў таверну і спраўся аб ім. Адносна пісьма не турбуйся, пакінь яго ў мяне. Я табе яго аддам, калі ты зойдзеш сюды, ідучы, назад. Вось табе долар, выпі ў таверне. У сен‘ёра Обердофера цудоўнае агвардыентэ. Бывай!
Атрымаўшы долар, Хасэ, не пытаючыся ніякіх тлумачэнняў, пакорліва пакінуў хакале.
Зараз-жа ўслед за ім вышаў і Дыяз. Хутка асядлаўшы свайго каня, ён ускочыў на яго і пусціўся галопам.
Раздзел XLVIII
ІСІДОРА
Сонца толькі што паднялося над гарызонтам прэрыі. Яго круглы дыск, як шчыт з чырвонага золата, заззяў над высокай травой. Залатыя праменні пранікалі ў гушчу лясных зараснікаў,