— Але вы ўпэўнены, сэр, што ў яго няма нічога сур‘ёзнага? Яго раны не пагражаюць небяспекай?
— Не. Яго крыху трасе. Што-ж датычыць ран, то гэта проста драпіны. Спадзяюся, праз тыдзень ён будзе зусім здаровы.
— О, я буду з пяшчотай даглядаць яго.
— Вы вельмі добрая, але… але…
Зеб пачаў хістацца. Раптоўна яму прышла ў галаву думка. За ёю пацягнуліся іншыя. Вось што ён падумаў:
«Гэта, як відаць, тая самая асоба, якая пасылала яму гасцінцы ў таверну. Тое, што яна ў яго закахана, у гэтым не можа быць сумнення. Гэта ясна. Закахана па вушы. Другая таксама. Не менш ясна і тое, што марыць ён не аб гэтай, а аб другой. Добра, калі-б мне ўдалося ўгаварыць гэтую чарнавокую красуню не хадзіць да яго, каб яна не чула яго любоўнага брэду».
— Але, міс, — звярнуўся, нарэшце, Стумп да мексіканкі, якая згарала ад нецярплівасці, — ці не думаеце вы, што вам лепш будзе адправіцца дадому? Прыязджайце сюды, калі ён выздаравее. Ён-жа нават не пазнае вас. А аставацца, каб даглядаць яго, не варта, — ён не так сур‘ёзна хворы і паміраць не збіраецца.
— Нічога, што ён мяне не пазнае. Я ўсёроўна павінна яго бачыць. Магчыма, яму што-небудзь патрэбна. Я ўсё дастану.
— Значыць, вы рашылі астацца, — сказаў Зеб у задуменні. — Ну, што-ж, справа ваша! Але толькі не крыўдзьцеся на яго размовы. Ён будзе гаварыць пра забойства і да таго падобнае. Гэта натуральна, калі чалавек брэдзіць. Апрача таго, вы пачуеце і іншае — ён, напэўна, будзе шмат гаварыць пра адну жанчыну, ён усё яе ўспамінае.
— Пра жанчыну?
— Так, пра жанчыну. Вы пачуеце яе імя.
— Яе імя? Сен‘ёр, як яе завуць?
— Як відаць, гэта імя яго сястры. Я нават упэўнены ў тым, што гэта іменна сястру ён успамінае.
— Містэр Стумп, вы гэта пра містэра Морыса расказваеце? — запытаў Фелім.
— Змоўкні, дурань! Не ўмешвайся, калі ласка. Гэта не твайго розуму справа. Пойдзем са мною. Я хачу, каб ты крыху са мною прайшоўся. Я забіў грымучку, калі ішоў уверх па беразе, і пакінуў яе там. Ты вазьмі яе дадому, калі толькі які-небудзь паразіт ужо не сцягнуў яе.
— Грымучка? Вы хочаце сказаць — грымучая змяя?
— Ну так!
— Але-ж вы не будзеце яе есці, містэр Стумп? Гэтак-жа можна атруціцца.
— Шмат ты разумееш! Там яду ўжо не асталося. Я адсек ёй галаву, а разам з ёю і ўвесь яд.
— Фу, я ўсёроўна не ўзяў-бы і кавалачка гэтай гадасці ў рот, хоць-бы паміраў з голаду.
— Ну, і памірай сабе на здароўе. Хто прымушае цябе яе есці?