Я толькі хачу, каб ты прынёс змяю дадому. Ну, ідзі вось і рабі тое, што табе кажуць. А то глядзі, каб я цябе не прымусіў праглынуць гадзюку з галавою і з усімі яе бэбухамі!
— Дапраўды, містэр Стумп, я зусім не хацеў не паслухацца вас. Запэўняю вас, Фелім О‘Ніл выканае ўсё, што вы скажаце. Я гатоў нават праглынуць змяю. Святы Патрык, даруй мне, грэхаводніку!
— К чорту твайго святога Патрыка! А ну, пойдзем.
Фелім больш не разважаў і пайшоў услед за паляўнічым у лес.
* * *
Ісідора ўвайшла ў халупу і падышла да пасцелі хворага. Страснымі пацалункамі пакрыла яна яго гарачы лоб і запёкшыяся губы. І раптам адскочыла, нібы яе ўкусіў скарпіён.
Тое, што прымусіла яе адскочыць, было горш, чым яд скарпіёна. Гэта было адно толькі слова — кароценькае слова з трох складоў!
Раздзел LIX
СУСТРЭЧА Ў ХАКАЛЕ
Той дзень, калі Луіза Пойндэкстэр вызваліла Мігуэля Дыяза, быў для яе сумным днём, напэўна самым сумным ва ўсім яе жыцці.
Смутак аб страчаным браце зліваўся з трывогай аб любімым чалавеку. Горач пакут павялічылася рэўнасцю. Пісьмо Ісідоры да Джэральда было таму прычынай.
Мяркуючы па зместу пісьма, адносіны паміж Морысам Джэральдам і мексіканкай аказаліся больш інтымнага характару, чым ён гаварыў. Морыс, значыцца, падманьваў яе. Інакш чаму-б гэта жанчына пачала так адкрыта пісаць аб сваім пачуцці? У пісьме не было і намёку на дружбу. Яно ўсё дыхала страстным каханнем. І пасля гэтае спатканне! Праўда, у форме просьбы. Але гэта толькі форма — какецтва ўпэўненай у сабе любоўніцы. К канцу пісьма просьбы ўжо не чуваць, замест гэтага загадны тон: «Прыходзьце-ж! Я чакаю вас».
Прачытаўшы гэтыя радкі, Луіза бязлітасна скамячыла пісьмо.
— Так, цяпер мне ўсё ясна! — усклікнула яна з гораччу. — Гэта не ўпершыню ён адазваўся на такую просьбу. Не ўпершыню яны сустракаліся на гэтым месцы. «Узгорак, што ўзвышаецца над домам майго дзядзі» — гэта месца іх заўсёдных спатканняў!
Гэта быў самы сумны дзень у жыцці Луізы.
—Пасля доўгіх гадзін бурных перажыванняў крэолка пачала крыху супакойвацца і разважаць разумней. Зноў прачытала яна пісьмо і задумалася над ім. Усё-ж аставалася яшчэ адна надзея: магло-ж быць, што Морыса Джэральда не было ў сетлменце.