— Каму належыць гэтае хакале?
— Дону Морысіо — мустангеру.
Урачысты гул разляцеўся па натоўпе. Пасля двухдзённых нястомных пошукаў, такіх-жа бескарысных, як і ўпартых, яны, нарэшце, успалі на след забойцы.
Тыя, хто злез з коней, ускочылі зноў у сёдлы, гатовыя рушыць у дарогу.
— Мы не хочам быць надакучлівымі, міс Мартынец, але вымушаны прасіць вас паказаць нам дарогу да гэтага месца.
— Мне давядзецца зрабіць для гэтага круг. Ну, добра, паедзем. Я праводжу вас, калі вы цвёрда вырашылі ехаць туды.
Ісідора зноў перасякае паласу лясных зараснікаў. Яе суправаджаюць сто коннікаў.
Праваднік спыняецца на заходнім канцы зараснікаў. Паміж імі і Аламо прасціраецца адкрытая прэрыя.
— Вунь там, — гаворыць Ісідора, — бачыце вы чорную кропку на гарызонце? Гэта верхавіна кіпарыса. Ён расце на ніжнім беразе Аламо. Едзьце туды. Там ёсць адкос, па якому можна спусціцца ў цясніну. Спусціцеся ўніз. Крыху далей вы знойдзеце і хакале, пра якое я вам гаварыла.
Разведчыкі больш не распытвалі. Амаль забыўшыся аб тым, хто ім паказаў дарогу, яны паімчаліся па прэрыі, накіроўваючыся да кіпарыса.
Толькі адзін коннік не крануўся з месца. Ён ведаў мову Ісідоры амаль таксама добра, як і сваю родную.
— Скажыце мне, сен‘ёрыта, — звярнуўся ён да мексіканкі амаль упрашальным тонам, — ці заўважылі вы каня, на якім праязджала гэта жанчына?
— Вядома! Хто-б мог яго не заўважаць!
— Яго масць?
— Крапчаты мустанг.
— Крапчаты мустанг? О, божа! — усклікнуў са стогнам Касій Кольхаун і паімчаўся даганяць атрад.
Ісідоры было ясна, што не адна яна, але і гэты чалавек гарыць тым-жа непатухаемым полымем, перад якім усё бяссільна, апрача смерці.
Раздзел LXI
ЛЯ ПАСЦЕЛІ ХВОРАГА
Хуткія і нечаканыя ўцёкі саперніцы ашаламілі Луізу Пойндэкстэр. Яна ўжо гатова была прышпорыць сваю Луну, але затрымала гэты рух і асталася ў нерашучасці, уся пад уражаннем адбыўшайся сцэны.
Толькі хвіліну назад, зазірнуўшы ў халупу, бачыла яна там гэтую жанчыну, як відаць, адчуваўшую сябе гаспадыняй доміка.
Як зразумець яе раптоўныя ўцёкі? Чым вытлумачыць гэты