насці, цягне Луізу з паляны. Яна вырываецца з яго рук, заліваецца слязмі і моцна пратэстуе супроць бесчалавечнай расправы.
— Каты! Забойцы! — крычыць Луіза.
Але вось дзяўчына ўжо выведзена з натоўпа, пазбаўленая надзеі дапамагчы чалавеку, за якога яна гатова аддаць жыццё.
Раздзел LXV
ЯШЧЭ АДНА ІНТЭРМЕДЫЯ
Трэці раз каля халупы аднаўляецца злавесная цішыня. Гледачы і дзеючыя асобы жудаснай драмы зноў займаюць свае месцы.
Ласо яшчэ раз ляціць на галіну смакоўніцы. Тыя-ж два каты хапаюць свабодны канец. На гэты раз яны туга яго нацягваюць.
«Хутка Морысу Джэральду — смерць!»
Цяпер няшчасны Морыс зусім ужо блізкі да смерці. Нават любоў аказалася бяссільнай выратаваць яго. Якая-ж яшчэ сіла можа адхіліць ракавы канец?
Здаецца, няма ўжо магчымасці дапамагчы яму, няма ўжо часу для гэтага. У злосных позірках рэгулятараў не відаць літасці, адна нецярплівасць. Каты таксама спяшаюцца, баючыся новай затрымкі. Яны арудуюць вяроўкай са спрытнасцю спрактыкаваных прафесіяналаў.
Не пройдзе і шасцідзесяці секунд, як «аперацыя» будзе скончана.
— А ну, Біл, гатова там у цябе? — пытаецца адзін кат у другога, рашыўшы больш не чакаць каманды.
— Усё ў парадку, — адказаў Біл. — Прыканчвай гэтага нягодніка. Цягні!
Вяроўку тузаюць, але недастаткова моцна, каб падняць з зямлі цела прысуджанага. Пятля прыпадымае толькі яго галаву.
— Цягні-ж ты, пракляты! — крычыць Біл, здзіўлены бяздзеяннем свайго таварыша. — Чаго глядзіш?
Біл стаіць спіною да лесу і не бачыць з‘явіўшагася з-за дрэў чалавека.
— Ну, падавай! — крычыць галоўны выканаўца. — Давай разам пацягнем! Уверх! Канчай з ім!
— Не, ён гэтага не зробіць! — чуецца громавы голас.
І каласальная фігура чалавека са стрэльбай за плячыма выскаквае з-за кустоў. Яшчэ момант, і Зеб Стумп — ужо ў самай гушчы натоўпа.
— Не, вы гэтага не зробіце, — паўтарае паляўнічы, нахіляючыся над распасцёртым чалавекам і накіроўваючы дула сваёй доўгай стрэльбы ў бок катаў. Адпусціце, а то я стрэлю. Гэй, Біл Грыфін, калі ты зацягнеш хоць крышачку пятлю, то атрымаеш пілюлю проста ў жывот і наўрад ці пераварыш ты яе. Адпусціце вяроўку, праклятыя! Адпусціце!