Пасля зноў усё сціхла. Коннікі, напэўна, спыніліся.
Гэта здарэнне мала занепакоіла Ісідору.
«Напэўна, падарожнікі едуць на Рыо-Грандэ, — падумала яна, — або, магчыма, гэта адстаўшыя коннікі цехаскага атрада. Індзейцы не могуць быць тут — вядома, што яны на ваеннай сцежцы ў другім месцы. Але хто-б ні былі гэтыя коннікі, усё-ж трэба быць напагатове».
З гэтай думкай Ісідора ад‘ехала ўбок і спынілася пад прыкрыццём акацыі. Тут яна зноў прыслухалася. Хутка яна выявіла, што невядомыя набліжаліся да яе не па дарозе, а праз гушчу зараснікаў.
Невядома, якія ў іх намеры? Ісідору ахапіла хваляванне. Яна доўга захоўвала спакой, але цяпер паводзіны коннікаў здаліся ёй надзвычай падазронымі. Каб гэта былі простыя падарожнікі, яны ехалі-б па дарозе, а не падкрадваліся цераз зараснікі.
Яна агледзелася навокал, спрабуючы знайсці месца, дзе можна было-б схавацца, — лісці акацыі былі ёй дрэннай аховай.
Ісідора прышпорыла каня, выехала з зараснікаў і паімчалася наперад па даліне, у бок Аламо.
Яна рашыла ад‘ехаць на адлегласць трохсот ярдаў, дзе яе не маглі ўжо дасягнуць ні страла, ні куля, і тады спыніцца, каб даведацца, хто набліжаецца — сябры ці ворагі.
Але ёй не ўдалося гэта выканаць. Таямнічыя коннікі пусціліся яе даганяць.
Павярнуўшыся назад, яна ўбачыла бронзавую скуру напоўголых цел, чырвоную фарбу размалёваных твараў і вялізныя пер‘і ў валасах.
— Los Jndios![1] — прашаптала ахопленая жахам мексіканка і яшчэ мацней прышпорыла каня, накіроўваючы яго да кіпарыса.
Да гэтага часу Ісідора мала баялася сустрэчы з чырвонаскурымі вандроўнікамі прэрый. Ужо на працягу доўгіх год яны былі ў мірных адносінах як з цехасцамі, так і з мексіканцамі. Яны рабіліся небяспечнымі толькі тады, калі былі п‘яныя. Ісідора ўжо выпрабавала гэта аднойчы на сабе.
Але цяпер акалічнасці змяніліся.
Паласа перамір‘я прайшла. Вайна вісела ў паветры. Цяпер яе праследвальнікі цвярозыя і прагнуць крыві. Цяпер трэба баяцца не толькі п‘яных зневажэнняў, — яе жыццё пад страшнай пагрозай.
Усклікамі, хлыстом, шпорамі гоніць Ісідора свайго гарачага каня.
Чуваць толькі яе голас. Тыя, хто ў пагоні за ёю, зусім маўклівыя.
Іх чэцвера, яна — адна.
Адзіная надзея — гэта трапіць пад абарону цехасцаў.
Ісідора імчыцца да кіпарыса.
- ↑ Індзейцы!