Раздзел LXVII
ІНДЗЕЙЦЫ!
Праследуемая конніца ўжо на адлегласці трохсот ярдаў ад абрыва, над якім узвышаецца кіпарыс.
Індзеец, які імчаўся першым, здымае ласо з лукі сядла і круціць ім над галавой.
Перш чым яна паспее дасягнуць спуску ў цясніну, пятля ласо абаўецца вакол яе шыі. І тады…
Раптам шчаслівая думка прыходзіць Ісідоры.
Круча, якая ўзвышаецца над Аламо, бліжэй ад яе, чым цясніна, якая спускаецца да ракі. Яна ўспамінае, што круча відаць з халупы.
Конніца хутка мяняе напрамак і замест таго, каб ехаць да кіпарыса, накіроўваецца проста да абрыва.
Праследвальнікі гэтаму толькі рады — яны добра ведаюць гэтае месца і разумеюць усю безнадзейнасць яе становішча. Няма сумнення, што тут яна трапіць ім у рукі.
Важак зноў бярэцца за ласо. Ён не спяшаецца кідаць яго, бо ўпэўнен у поспеху.
— Chingaro![1] — крычыць ён. — Яшчэ крыху, і яна апынецца ў прорве!
Але ён памыліўся. Ісідора імчыцца далей, але не ў прорву. Яшчэ адзін хуткі паварот — і яна ўжо паімчыцца ўздоўж абрыва, настолькі блізка да самага краю, што гэта прыцягвае ўвагу цехасцаў і выклікае выкрык збянтэжанага Зеба:
— Іосафат!
Гэты выкрык вырываецца ў паляўнічага толькі ў выключных выпадках.
І нібы ў адказ яму чуецца крык конніцы:
— Los Jndios! Los Jndios!
Той, хто прабыў хоць-бы тры дні ў Паўднёвым Техасе, не мог-бы памыліцца ў значэнні гэтых слоў, на якой-бы мове ні былі яны сказаны. Гэта крык трывогі, які ўжо на працягу трохсот год чуецца на адлегласці трох тысяч міль пагранічнай паласы.
— Цехасцы! Ратуйце! Ратуйце! За мною гоняцца індзейцы!
Услед за дзяўчынай па краю кручы імчыцца правадыр індзейцаў. Яго ласо зноў кружыцца ў паветры. Раптам чуецца стрэл. Пякучы боль у руцэ прымушае індзейца выпусціць ласо і ў здзіўленні азірнуцца навокал.
Унізе, у даліне, над натоўпам узброеных людзей падымаецца клубок дыму.
Нібы згаварыўшыся, усе чэцвера паварачваюць коней і імчацца назад з такой-жа хуткасцю, з якой і прыехалі.
— Як шкода! — гаворыць Зеб Стумп, зноў зараджаючы стрэльбу. — Калі-б не яна, я прымусіў-бы іх спусціцца ўніз. І каб
- ↑ Чорт пабяры!