Раздзел XCVIII
ЯШЧЭ ЖЫВЫ
Забойца ляжыць, выцягнуўшыся, на зямлі. Яго рукі звязаны вяроўкай. Здаецца, што ён памёр.
Але чалавек, які захапіў яго ў палон, думае іншае. Ён думае, што гэта або страта прытомнасці, або прытворства. Баючыся, што гэта хутчэй апошняе, Морыс астаецца ў сядле, захоўваючы ласо нацягнутым.
Конь, паслухмяны волі гаспадара, стаіць нерухома, кожную хвіліну гатовы або адступіць назад, або рынуцца наперад.
— Страшна-ж падумаць, якое злачынства ён зрабіў! — мармыча сам сабе мустангер. — Забіў свайго стрыечнага брата і адрэзаў яму галаву! Няма сумнення, што і тое і другое — справа яго рук. Але што прымусіла яго гэта, зрабіць? Гэта можа растлумачыць толькі ён сам.
— Вы памыляецеся, малады чалавек, — чуваць голас збоку. — Ёсць чалавек, які можа адказаць на ўсе гэтыя пытанні. Стары Зеб Стумп да вашых паслуг. Але цяпер не час аб гэтым гаварыць. Мы павінны даставіць яго да дуба, і там злачынца атрымае належнае.
— Але як мы гэта зробім? Яго конь пабег ужо.
— Вельмі проста, містэр Джэральд. Ды гэта-ж усяго толькі страта прытомнасці, а магчыма малайчына проста разыгрывае мерцвяка. Калі ён не можа дайсці пехатою, то няхай едзе конна — мая кабыла завязе яго. Мне страшэнна надаела сядло: здаецца, што і я таксама дастаткова абрыдзеў сваёй старой. Калі ён не кіне строіць дурня і не захоча сядзець, як належыць, то мы яго ўзвалім ўпоперак каня, як тушу аленя. Пачакай! Ён як быццам ачуньвае… Уставай, дружа! — прадаўжае Зеб, схапіўшы Кольхауна за каўнер і страсянуўшы яго як след. — Уставай, табе кажуць, і пойдзем. Вас чакаюць. Сёй-той хоча пагаварыць з вамі.
— Хто? Дзе? — пытаецца палоннік, прыходзячы ў прытомнасць і азіраючыся блукаючым позіркам. Хто хоча гаварыць са мною?
— Перш за ўсё я.
— А! Гэта вы, Зеб Стумп? А-а?
— А гэта містэр Морыс Джэральд, мустангер. Вы як быццам сустракалі яго раней. Ён таксама хоча пагутарыць з вамі. Апрача таго, яшчэ многа ўсякага народу там, каля форта, і ўсе чакаюць вас. Так што вы лепш уставайце хутчэй і паедзем разам.
Кольхаун устае на ногі. Яго рукі звязаны ласо.
— Мой конь? — аглядаючыся навокал, крычыць ён. — Дзе мой конь?
— Чорт яго ведае, куды ён уцёк. Магчыма, што вярнуўся дадому, на Рыо-Грандэ. Вы яго так заганялі, што бедная жывёліна, відаць, пракляла ваш абмен і пабегла на родныя пашы, каб крыху адпачыць.