— Змяя! — усклікнуў Стумп, набліжаючыся да перапалоханага гальвейца і трымаючы над ім свечку. — Змяя, на самай справе. Клянуся пеклам, гэта не змяя. Гэта горш за змяю!
— Горш за змяю? — усклікнуў Фелім у роспачы. — Горш, вы сказалі, містэр Стумп? Вы думаеце, што гэта небяспечна?
— Як табе сказаць? Усё залежыць ад таго, ці знайду я паблізу лякарства. Калі-ж не, то я не адказваю…
— О, містэр Стумп, не палохайце мяне!
— У чым справа? — запытаў Морыс, які з першага-ж позірку заўважыў на грудзях Феліма яркачырвоную паласу. — Што-ж гэта нарэшце? — запытаў ён з узрастаючым неспакоем, калі заўважыў, якім сканцэнтраваным позіркам паляўнічы разглядаў дзіўныя сляды. — Я нічога падобнага не бачыў. Гэта выклікае ў вас трывогу?
— Вялікую, містэр Джэральд, — адказаў Стумп, ведучы з сабою мустангера за дзверы халупы і размаўляючы шэптам, каб не пачуў Фелім.
— Але што-ж гэта такое? — усхвалявана перапытаў Морыс.
— Гэта прапаўзла тысячаножка.
— Ядавітая тысячаножка? Няўжо яна ўкусіла яго?
— Не, я не думаю. Але гэтага і нне патрэбна. Хопіць і таго, што тысячаножка прапаўзла, — гэта смяротна.
— Нябесныя сілы! Няўжо гэта так небяспечна?
— Так, містэр Джэральд. Не раз я быў сведкай, як добрыя людзі адпраўляліся на той свет з такой паласой. Калі не ўжыць мер, і да таго-ж тэрміновых, у яго пачнецца страшэнная гарачка, а пасля ён страціць прытомнасць, усёроўна як пасля ўкусу шалёнага сабакі. Не варта, аднак, палохаць яго, пакуль я не высветлю, што можна зрабіць. У гэтых краях сустракаецца адна расліна. Калі мне ўдасца хутка яе знайсці, тады вылечыць Феліма будзе няцяжка. На няшчасце, схаваўся месяц, і мне прыдзецца шукаць вобмацкам. Я ведаю, што на абрыве шмат гэтага зелля. Вы ідзіце назад і супакойце хлапца, а я пагляджу, што мне ўдасца зрабіць. Праз хвілінку я вярнуся.
Размова, якая адбывалася шэптам і прытым за дзвярыма халупы, замест таго каб супакоіць Феліма, прывяла яго ў панічны стан.
Не паспеў стары паляўнічы адправіцца на пошукі лекавай расліны, як гальвеец з яшчэ больш дзікімі енкамі, чым раней, выбег з халупы. Морыс доўга правазіўся, пакуль яму ўдалося супакоіць свайго слугу.
Некалькі хвілін пасля ў дзвярах зноў з‘явіўся Зеб Стумп. Выражэнне яго твара адразу ўзрадавала прысутных: ясна было, што лячэбная расліна знойдзена. У правай руцэ паляўнічы трымаў некалькі авальных лісцяў цёмназялёнага колеру, роўнамерна ўсаджаных вострымі шыпамі.
Морыс пазнаў у іх лісты добра знаёмай яму расліны, вядомай пад назвай Cactus Oregano.