пра вашых мексіканцаў? Я ніколі яшчэ не бачыў ніводнага мексіканца, які-б так умела спраўляўся з коньмі, як гэты хлапец.
— А як яго завуць?
— Як яго завуць? Павінен вам прызнацца, што прозвішча яго я ніколі не чуў, а імя яго — Морыс. У ваколіцах форта ён вядомы як Морыс-мустангер.
Стары паляўнічы не быў настолькі заглядальны, каб улавіць нотку абвостранага інтарэсу, якая прагучэла ў апошнім пытанні. Ён таксама не заўважыў, як шчокі дзяўчыны ўспыхнулі густым румянцам, калі яна пачула яго адказ.
Аднак, гэта не ўслізнула ад Фларынды.
— А, міс Луі, — усклікнула яна, — гэтак-жа завуць таго маладога адважнага пана, які выратаваў нас ад удушша ў чорнай прэрыі!
— Так, — паспяшаўся адказаць паляўнічы, — толькі сёння раніцою ён расказваў мне гэтую гісторыю. Гэта было якраз перад нашым ад‘ездам. Гэта ён самы. Ён вось і злавіў крапчатага мустанга. Цяпер ён па дарозе да вас. Ён павінен быць тут да надыходу змроку. Я-ж пагнаў сваю старую кабылу наперад, каб папярэдзіць вашага бацьку наконт крапчатага мустанга. Я для вас гэта зрабіў, міс Луіза.
— О, які вы добры, містэр Стумп! Я вам вельмі, вельмі ўдзячна. Цяпер вы мне прабачце, я павінна вас пакінуць на хвілінку. Бацька хутка павінен вярнуцца. У нас сёння званы абед. Мне трэба распарадзіцца па гаспадарцы. Фларында, скажы, каб містэру Стумпу падалі закусіць. Пайдзі і распарадзіся хутчэй. Ага, вось яшчэ што, містэр Стумп, — прадаўжала дзяўчына, падсунуўшыся бліжэй да паляўнічага і гаворачы больш ціхім голасам, — калі малады… малады чалавек прыедзе, калі тут будуць госці, — ён, напэўна, не знаёмы з імі, — прасачыце, калі ласка, каб аб ім паклапаціліся. Тут на верандзе ў нас стаіць віно, тут-жа будзе і закуска. Вы разумееце, аб чым я гавару, містэр Стумп?
— Чорт мяне пабяры, калі я што-небудзь разумею, міс Луіза. Я ўсё разумею наконт выпіўкі і іншага, але пра якога маладога чалавека вы гаворыце гэтага я не разумею.
— Ну як-жа вы не разумееце? Малады чалавек, які павінен прывесці мустанга.
— А-а! Морыс-мустангер! Пра яго вы, напэўна, гаворыце? Але я павінен вас папярэдзіць па-сяброўску, што гэтага хлапца пакрыўдзіць гасціннасць з другіх рук. Ён-жа, як у нас бывала гаварылі на Місісіпі, «ганарлівы, як Пойндэкстэр». Даруйце, што я так гавару. Я забыўся, што гавару з міс Пойндэкстэр калі не з самым ганарлівым, то з самым прыгожым членам гэтай сям‘і.
— О, містэр Стумп, мне вы можаце гаварыць усё, што хочаце. Вы ведаеце, што на вас, на нашага мілага велікана, я