не пакрыўджуся. Але што вы хацелі сказаць, гаворачы аб гасціннасці з другіх рук?
— Я хацеў сказаць, што няма ніякага сэнсу мне прапаноўваць у вашым доме Морысу-мустангеру выпіць або закусіць. Калі толькі ваш бацька сам не прапануе яму, ён пойдзе, не дакрануўшыся ні да чаго. Вы разумееце, міс Луіза, ён-жа не з тых людзей, якіх можна паслаць на кухню.
Маладая крэолка не адразу адказала — яна была як быццам азадачана — і сканцэнтравана пачала аб нечым думаць.
— Ну, нічога, містэр Стумп, тады будзьце спакойны наконт гэтага, — нарэшце сказала яна. — Вы не частуйце яго. Толькі паведаміце мне, калі ён прыедзе. Але калі гэта будзе ў часе самога абеду, то, будзьце ласкавы, затрымайце яго крыху. Вы абяцаеце мне гэта?
— Добра, гэта я зраблю.
— Тады я сама прапаную яму закусіць.
— Калі вы гэта зробіце, міс, я баюся, вы сапсуеце яму апетыт. Нават галодны воўк страціць усякую ахвоту да ежы, калі ўбачыць вас. Калі я прышоў сюды, я быў такі галодны, што гатоў быў праглынуць цалкам сырога індыка. А цяпер мне ён больш не патрэбен. Я магу цяпер цэлы месяц не есці мяса.
Луіза моцна рассмяялася.
У гэтую хвіліну з дзвярэй кухні паказалася Фларында з лёгкім падносам у руках. За ёю ішоў Плутон, таксама з падносам, але толькі большага размеру і больш грунтоўна нагружаным.
— Ах вы, мілы велікан! — сказала крэолка з вясёлым дакорам. — Не верыцца мне, што вы так лёгка траціце апетыт. А вось ідуць Плутон з Фларындай, яны вам нясуць сёе-тое, што складзе вам больш вясёлую кампанію, чым я. Да пабачэння, Зеб! Да пабачэння!
Лёгкай хадою, з вясёлым настроем Луіза пакінула веранду, але, апынуўшыся адна ў сваім пакоі, яе зноў апанавала глыбокае задуменне.
«Гэта мой лёс. Я адчуваю гэта. Мне страшна ісці яму насустрач, але не ў маіх сілах унікнуць яго. Я не магу і не хачу!»
Раздзел XII
УСМІРЭННЕ ДЗІКАГА КАНЯ
Азотэя — самая прыемная частка мексіканскага дома. Яе падлога — гэта плоскі дах гасіенды, а дах — сіні купал неба. У добрае надвор‘е — а ў гэтым спрыяльным клімаце надвор‘е заўсёды добрае, — азотэі аддаюць перавагу перад гасцінай.