На плечы конніка накінут шаль — серапэ, які пры парыве ветру развяваецца і адкрывае частку яго корпуса. На нагах у яго высокія боты са скуры ягуара. Ахаваны такім чынам ад начной сырасці і ад трапічных ліўняў, ён прадаўжае ехаць, маўкліва, як зоркі, мільгаючыя над ім, бесклапотны, як стэпавы ветрык, што гуляе ў складках яго вопраткі.
Але штосьці нібы вывела конніка з задумення, і яго конь паскорыў крок. Вось конь страсянуў галавою і радасна заірзаў. З выцягнутай шыяй, з раздутымі ноздрамі, ён пускаецца наперад трушком і непрыкметна пераходзіць у галоп. Блізкасць ракі — вось што прымусіла каня паскорыць бег.
Конь не спыняецца да таго часу, пакуль не апускаецца ў хрустальны паток ракі. Разам з ім і коннік апускаецца да кален у ваду.
Жывёла прагна п‘е ваду, пераплывае на супроцьлеглы бераг і быстрым трушком падымаецца па адхону берага.
Узабраўшыся наверх, коннік без галавы спыняецца нібы ў чаканні, каб конь абтросся ад вады. І затым зноў прадаўжае шлях.
Як відаць, прышпораны страмёнамі і пакорны павадам свайго гаспадара конь упэўненым крокам накіроўваецца наперад.
А навакол разлягаецца бясконцая саванна, і ў таямнічым святле месяца здаецца, што далячыні яе зліваюцца з небам.