Ахрэм. Усё чысьценька давяду табе!..
Алеся. Сягоньня зноў перавозіць будзеш, а пазьней паедзем і мы самі!..
Ахрэм (з радасьцю). Туды, да нашых?..
Алеся. Так!..
Ахрэм. Ото-ж, каб матачка найсьвеншая… (Схамянуўся).
Алеся (перабіваючы яго). Ахрэм!..
Ахрэм. Выбачай, даражэнькая, ня буду, я-ж ужо выракся…
Алеся. Будзь-жа, Ахрэмка, гатоў!
Ахрэм. Згода!.. А мяне там прымуць?..
Алеся. Належна нават ацэняць заслугі старога партызана!..
Ахрэм. Няхай ім матачка найсьвеншая… (Схамянуўся). А няхай яе, няхай, даўно ўжо багоў выракся, а яны ўсё на языку целяпаюцца…
Алеся. Бывай-жа, Ахрэм! (Пайшла ў той бок, скуль прышла).
Ахрэм. Шчасьлівенька! (Пра сябе). Залатая дзяўчына! Як жыву, ня бачыў другое такое! Яна ўсюды пасьпее, вось што знача падпольніца!.. Няхай-жа ёй матачка найсьвеншая… (Схамянуўся). Цьфу ты, ізноў!.. Ніяк з языка ня зьлезе… (Глянуў у бок, дзе ляжыць утопленіца). Ты чаго там калупаешся?.. Чуеш?.. Накрый дзяругаю — хай ляжыць у цяньку… (Чуваць голас здалёку: «дзяругаю?»). Ды няўжо-ж дываном!.. Пярсьцёнка толькі не чапай, пярсьцёнка!..