зрабіць, каб ён да гэтай дзяўчыны ня так ліп?!.. (Пачынае клікаць). Ягорка!
Варочаецца Ягор.
Ягор. Я тут, Мікола! Ты што?
Мікола. Ды вось крычу, гукаю — палуднаваць пара!..
Ягор. Ня хочу я есьці!..
Мікола. А… сесьці?.. Ды дзе-ж тут сесьці?
Ягор. Я кажу: «Ня хочу есьці!»
Мікола. Я так і ведаў!.. Пра ежу забываеш — хутка з цябе косьці тырчэць будуць!.. Я, калі яшчэ малады быў і бегаў за дзяўчатамі, ня ў свой дух еў…
Ягор. Ідзі ты, Мікола, у школу!.. Я хутка вярнуся… Пабачуся адно з Марысяй!..
Мікола (ставячы за пень спарышы). Пакуль тая Марыся, пасілкуйся ты заціркай ды кашаю!.. бо ніякае там каханьне не забараняе есьці!..
Ягор. У нас забараняе!..
Мікола. А я калі быў малады, дык удвох з дзяўчынаю бывала булку хлеба елі, ды сала фунты два…
Ягор. Ну, бяры-ж свае спарышы, ды ідзі!
Мікола. Што ты жартуеш?! Ды хоць тут пяруны, назад не панясу, павінен ты зьесьці! (Дастаў яшчэ з-за пазухі вялікую лусту хлеба, паклаў яе на пень і пашоў).
Ягор (гледзячы яму ўсьлед, сьмяецца). І з чаго ўздумаў сталага няньчыць?!
Падышоў Ахрэм.