Афіцэр (схамянуўся). Ты ліст мой перадаў?
Ахрэм. А то як-жа?.. Перадаў!..
Афіцэр. Пакліч мне настаўніцу!..
Ахрэм. Слухаю!.. Яна чакае пана…
Афіцэр. Папрасі яе сюды!..
Ахрэм. Рад слухаць, паночку!.. (У час размовы ціха падышла Алеся, села за пнём і пачала са спарышоў есьці, прыкусваючы хлебам, які пакінуў Мікола. Афіцэр яе ня ўбачыў, Ахрэм-жа заўважыў).
Афіцэр. Цо я зробілэм!.. Я себе здрадзілэм!.. Пярсьцёнэк з моен монограмон заставілэм!.. (Думае). Так! (Кліча Ахрэма). Пшэвозьнік! Ходзь тутэй!..
Прыбягае Ахрэм.
Ахрэм. Я тут, паночку!
Афіцэр. Вось што: як вайсковы дасьледчы, я павінен пад вялікім сакрэтам даведацца, хто ўтопельніца… Быць можа хто яе забіў…
Ахрэм. Як на мой розум, сама загубіла жыцьцё, бо каб хто забіў, пярсьцёнак зьняў-бы… (Кажа гэта, як бы нічога ня ведае).
Афіцэр (здаволен гэтым). Зусім разумна разважаеш! А ты добра сьцеражэш яе?
Ахрэм. А то як-жа!.. І дзень і ноч пільную, пакуль сьледзтва…
Афіцэр. А пярсьцёнка ніхто ня зьніме?..
Ахрэм. Ну, як-жа можна! Я ж пільную!..
Афіцэр. Хадзем глянем!..
Ахрэм. Калі ласка!..