Мікола. Голымі рукамі? (Ахрэм глянуў на дубчык, зразумеў — рука яго апусьцілася, дубчык вываліўся — цяжка дыша).
Мікола (вялікая прыкрая паўза). Ты-ж хацеў адпачыць!..
Ахрэм (пасьля паўзы). Не засну! (Пайшоў).
Мікола (падышоў да дзьвярэй, прычыніў, стаў ля дубчыка, глянуў, цяжка ўздыхнуў). З голымі рукамі!.. (Пасьля паўзы). Успомніў! Забалела!.. Эх, доля, доля! (Сеў панура). Уваходзіць жабрак-калека (пераапрануты шпег).
Шпег. Добры дзень!.. Калі ваша ласка, афяруйце што-колечы беднаму калеку!..
Мікола (убачыў). Што скажаш?..
Шпег. Кавалачак хлеба!..
Мікола (дае лусту хлеба). Скуль? Здалёку?..
Шпег. З-за сьвету!..
Мікола. Кажы мацней, ня чую!..
Шпег. З-за сьвету!.. Ня жыву, а мучаюся!.. Палякі нашага брата, жабрака, душаць! Думаю туды махнуць, да бальшавікоў!..
Мікола. Чаго-ж, ваша справа!..
Шпег. А ці ня ведаеце, як бы гэта праз граніцу перабрацца?..
Мікола. Ня ведаю!.. (Павярнуўся да акна).
Шпег. Шкада, шкада!.. (Вялікая паўза). Ці ня можна ў вас крыху вадзіцы напіцца?
Мікола. А чаму-ж, будзьце ласкавы! (Сам глядзіць у акно).