Афіцэр. Як то бяз віны? Віна ёсьць!.. Ён шкодны політычны элемент!
Марыся. А вы крымінальны!..
Афіцэр. У вас, Марыся, высокая тэмпература!
Марыся. Не замазвайце, бо не замажаце!..
Афіцэр. Глупства! Марысі я ўсё дарую, бо моцна веру, што нашы ўзаемаадносіны наладзяцца!..
Марыся. Раней аддайце мне тэстамэнт!..
Афіцэр. І што тады?
Марыся. Тады пабачыце: дом будзе пад школай, а зямля ў сялян!..
Афіцэр. Няма такой патрэбы, і дзеля гэтага тэстамэнт пакуль што не аддам!
Марыся. Тым горш для вас!..
Ахрэм пад акном.
Ахрэм. А… панок тут, зайду!.. Справа ёсьць! (Чутны яго і Макрыны галасы. — Куды лезеш, чортаў смык! — Пусьці! — Ня пушчу!).
Марыся. Макрына, хто там?
Увайшла Макрына.
Макрына. Ды гэты лапатлівы, Ахрэм!
Марыся. Пусьці яго!
Макрына. А на ліха ён! Сьлядоў толькі наробіць, гразі навалачэ!..
Марыся. Я сказала — пусьці! (Макрына ўпусьціла Ахрэма, ён уваходзіць).
Ахрэм. І ня сорам, баба! Нібы кот, за нос рваць!..