Макрына. Ня лезь, дзе паны ёсьць!..
Марыся. Макрына, ты зусім памяшалася!..
Макрына. Толькі паразумнела!..
Афіцэр. Ну, што?
Ахрэм. Да вас, паночку! Добрага дня!
Макрына. Во! Бачылі! Добрага дня! Руку яшчэ падай!..
Афіцэр. А што трэба?..
Ахрэм. Я прышоў паведаміць, што начальства ўжо едзе, каб досьледы зрабіць аб тэй утопельніцы!.. Трэба-ж і вам быць!..
Афіцэр. Буду!..
Ахрэм. Яны ўжо ў суседняй вёсцы, пытаюцца сялян, можа хто з іх бачыў яе жывую. Хто?..
Макрына. Овшэм, я — бачыла!
Афіцэр. Жывую?..
Макрына. Не, мёртвую!..
Афіцэр. Палена дубовае!..
Ахрэм. А што, зарабіла?
Макрына. Глядзі за сабою!
Афіцэр (да Марысі). Вельмі перапрашаю. Неўзабаве вярнуся!..
Марыся. Можаце і не вяртацца!.. (Ахрэм памыкаецца застацца).
Афіцэр (гэта заўважыў). Чаго застаўся?
Ахрэм. Хачу паненцы навіны сказаць!..
Марыся. Будзь ласкаў, Ахрэм!
Афіцэр. Ну, пашлі, пашлі!
Ахрэм. Я толькі з большага!..
Афіцэр (грозна). Марш! (Вышлі).