Макрына. Тады я вазьму хустачку!
Жук. Бярэце хустачку!
Макрына (акрываецца). Ты-ж, Алеська, пільнуй хату, а я адскочу!
Алеся. З вялікай ахвотай! Не сьпяшайцеся, дагледжу!
Макрына. Дзякую! Хадзем. (Сама вышла, Жук застаўся).
Жук (да Алесі). Ну, Алеся, настаў рашучы час! Прайграем справу — загінем у астрозе! Амаль уся організацыя сядзіць…
Алеся. Ведаю, браток!
Жук. Мы толькі трое на волі засталіся!
Алеся. Не ўспамінай: балюча слухаць!
Жук. Усё дзякуючы яму! Эх, паганец!
Алеся. Ня пушчай на вецер слоў. (Глянула ў акно). Ідзі на сваё месца, ён сюды ідзе!
Жук. Я за вакном! (Пашоў).
Алеся. Ні на крок далей! (Агледзела акно, глянула ў бакоўку, а затым прыслухоўваецца).
Уваходзіць афіцэр (п’яны).
Афіцэр. А!.. Каго бачу?.. Алеська… прышла!..
Алеся. А то як-жа, абяцала-ж на восьмую!
Афіцэр (глянуў на гадзіньнік). Дзіўная пунктуальнасьць. Што-ж ты адна? (Сеў).
Алеся. Як бачыце — адна!
Афіцэр. Тым лепш! Ты ў мяне прыгожка! (Туліць яе да сябе). Пад сонцам вырасла, здаровая, як лёд, беларусінка!