Афіцэр. Веру, веру, мая дарагая! (Хоча пацалаваць).
Алеся. О не, панок, пачакайце!
Афіцэр. Як гэта? Чаму?
Алеся. А так, адложым гэта на заўтра!
Афіцэр. А я маю імпэт сёньня. (Зноў хоча пацалаваць).
Алеся. О не, паночку, калі ласка, заўтра!
Афіцэр. Бач ты яе — упёрлася!
Алеся. У чужой хаце нялоўка, ля вакна!.. Убачаць — людзі асьмяюць!
Афіцэр. Ды што нам людзі!.. Мы тут гаспадары, мы, — разумееш?.. А над табою я… Алеся! (Разьвёў шырока рукі, абняў Алесю і хоча пакласьці на канапу. Алеся крычыць: — Паночку, што вы робіце?!, а сама выкрадае рэвольвэр. Афіцэр падняў яе на рукі).
Хутка ўвайшоў Жук.
Афіцэр (убачыўшы яго, пусьціў Алесю. Злосна). Ты чаго?
Жук. Да вас, паночку!
Афіцэр. Хам! Раней стукнуць трэба!
Жук. Ды я хацеў быў стукнуць! (Алеся дала знак маўчаць).
Жук. Да вас па справе!
Афіцэр. Па якой?
Жук. Вас доктар кліча!
Афіцэр. Які доктар, дзе ён?
Жук. А гэты, што прыехаў на абгляд утопленіцы!