Афіцэр. Марыся, ты — сама дабрата!
Марыся. Але-ж ідзеце, а то будзе позна! Яны могуць заявіць!
Афіцэр. Іду, іду! (Пашоў).
Марыся (узяла ў рукі тэстамэнт). Вялікая чэсьць табе, бацька, за працу на карысьць чырвоных і ніякай чэсьці, што ты аддаў мяне ў рукі нясумленнага чалавека! Я зраблю інакш! (Парвала ў шматкі тэстамэнт, насыпала ў кілішак атруты і задумалася).
Выскачыла Алеся.
Алеся (рашуча, схапіўшы яе за руку). Марыся! (Тая спалохалася). Што ты хочаш рабіць?
Марыся. Алеся, дарагая, я сама ведаю, што гэта ня спосаб барацьбы! Але-ж у крытычны момант разьбірацца позна! Організацыя развалена, большасьць у астрозе, пагібель нам. (Грозна). Так няхай будзе пагібель і яму!
Алеся. Я не пазволю!
Марыся (зьдзіўлена). Чаму?
Алеся. Бо няпуцёвы плян!
Марыся. Дык што-ж, на твой погляд, ён жыць павінен, і мучыць нас далей! Ну, што-ж: няхай будзе наадварот! Сьмерць мне! (Пераставіла кілішак).
Алеся (рашуча). І гэтага ня будзе! Мы жыць павінны, а ўцякаць ад жыцьця — сорам.
Марыся. Ну зразумей-жа ты, што цяжка далей змагацца!