Сьляпень ужо змоўк і загнаным зьверам кідаўся па пакою. Зена з пяшчотнай мяккасьцю гукнула яго:
— Сьляпень! Досыць ужо лютаваць. Хадзіце, сядзьце тут, каля мяне, я нешта вам раскажу.
Яна расказала пра знойдзены рукапіс, а потым, захапіўшыся, пачала апавядаць пра бацьку, успамінаць яго апошнія дні. Сьляпень ураз сьціхамірыўся і ўважна слухаў, панура схіліўшы сваю кудлатую галаву. Здавалася, што ён чамусьці адчувае сябе вінаватым.
III
У сярэдзіне верасьня была першая па леце вечарына ў Саўкі Малахавіча. Гэтыя традыцыйныя вечарыны, прасякнутыя таварыскай цеплатой і бязрупатнай весялосьцю, заўсёды зьяўляліся прытулкам, дзе можна было знайсьці поўны спакой і адпачынак. Саўка Малахавіч—любы сівенькі дзядок — умеў быць бязьмежна ветлым, уважлівым гаспадаром, умеў сагрэць усіх сваёй шчырай ласкай, зьвязаць усіх пачуцьцём дружнай еднасьці і аднадумства.
Адылі гэтая вечарына ня зусім удалася. Два прыкрыя інцыдэнты парушылі яе зладную плынь: Сьляпень зноў рэзка палаяўся з Пражэневай жонкай, а гарэза Кухцік (можа і няўмысьля?) пакрыўдзіў Саўку Малахавіча.
Зена прышле на вечарыну разам з Аржановічам. Ужо было сабраўшыся троху народу. У габінэце гаспадара мужчыны гулялі ў прэфэранс (сярод іх быў і Сьляпень), рэшта ў суседнім пакоі, згрупаваўшыся невялічкімі купкамі, вялі стрымана-вясёлую гутарку.
У кутку, ля грубкі, у кампаніі двух хлапцоў (адзін з іх — Кухцік, малады поэта) стаяла Тацяна, Пражэнева жонка. Зена заўважыла яе і адразу да яе падышла.
Тацяну часта называлі прыгожай, але ў прыгостве яе было больш пікантнасьці, чымся дасканалай правільнасьці форм і ліній. Яна была троху вышэй сярэдняга росту, стройная, з тонкай, амаль-што хлапецкай фігурай. Твар яе быў абсолютна няправільны (шыракаваты нос, нізка навіслыя бровы), але разам з гэтым было ў ім нешта няўлоўна-прыгожае, што надавала яму вострую жывую прывабнасьць. Яшчэ вочы яе маглі падабацца — чорныя, аксамітныя, з неразгадна-таемнай глыбінёй. У яе была прывычка — насупіць бровы і сярдзіта павесьці вачмі. Тады, гледзячы на яе, цяжка ўстрымацца было, каб не засьмяяцца.
Зена запытала Тацяну пра мужа. Тая мэханічна, не задумаўшыся, адказала:
— Скора прыедзе.
І зноў занялася сваёй пустой балбатнёй з хлапцамі. Зена пытала далей:
— Ці праўда, што ён быў хворы?
— Хто? Пражэня?