Канец прышоў ужо надвячоркам. Разам з тым, як паміраў Андрэй Беразоўскі, памірала і мяккае жнівеньскае сонца. Ціхія марудлівыя праменьні доўга поўзалі па пакою, разглядалі з спакойнай цікавасьцю хатнія рэчы і раз-по-раз зазіралі ў закамянелае аблічча хворага, нібы правяраючы, ці зрабіла ўжо сьмерць сваю справу.
А сёмай гадзіне прышоў доктар і ў мімавольным замяшаньні аб‘явіў, што Андрэя Беразоўскага ўжо няма. Пакуль ён з нэрвовай пасьпешнасьцю завінаўся каля Зены, стараючыся ачуліць яе, мужчыны стаялі зводдаль, прыбітыя гэтым прадбачаным, але ўсёроўна жудасным фактам, і ня ведалі, што цяпер трэба рабіць, што трэба гаварыць і ці трэба гаварыць наогул. Аржановіч чамусьці ў гэты момант успомніў Пражаню і гэта дало яму выхад з цяжкога адзервяненьня.
— Трэба тэлеграфаваць Пражэню.
Саўка Малахавіч — добры сівенькі дзядок — адразу заклапаціўся.
— Пражэня на вёсцы… Ён нічога ня ведае… Ён можа і ня думае, што такое няшчасьце… Трэба тэлеграму… хутчэй…
І ў гэты першы прахон палілася адразу ўся іхная, зацятая на момант, сьвядомасьць. З хвіліну здавалася, быццам уся справа якраз толькі ў тым, каб хутчэй паведаміць Пражэню.
Потым пашло ўсё звычайным парадкам…
…На траці дзень было пахаваньне. Нямала народу праводзіла нябожчыка ў гэтым апошнім яго падарожжы і нямала хто плакаў па ім цёплымі шчырымі сьлязьмі.
Так памёр Андрэй Іванавіч Беразоўскі.
Сьмерць Андрэя Беразоўскага ёсьць дата, ад якой пачынаецца ўся гісторыя, апісаная ў гэтым романе. Беразоўскі не рэальны герой роману, ня жывы пэрсонаж — ён пройдзе праз усе раскрытыя тут сытуацыі толькі сваімі думкамі, сваёй філëзофіяй і, найгалаўней, сваім пачуцьцём — палкім, як жар, і неабсяжным, як мора.
Частка першая
I
Пасажырны поезд Маладэчна—Вільня з вясёлым грукатам скаціўся ў залітую сівым туманам лагчыну, спрытна перасігнуў праз маленькі, але надта гырклівы масток і пачаў старанна глабацца па крутому ўздыму, залазячы ў чорныя нетры густога лесу. Перад канцом уздыму ён так замарыўся, так засопся, што ледзьве цягнуў свой жалезны хвост і, здавалася, во-во гатоў быў спыніцца зусім.
У гэты момант з дзьвярэй аднаго вагона, у якім вязьлі арыштантаў, выкінуўся чалавек і кумільгам пакаціўся па схону высокай чыгуначнай наспы. Прагрымелі адзін за адным некалькі стрэлаў, поезд, скарыстаўшы