што ён разьбіўся і ня мог адсюль уцячы. Трэба як мага далей. Трэба бегчы…
Ён парываецца ўскочыць на ногі, але з немым стогнам валіцца назад, на зямлю. Ен цяпер толькі ўспомніў, што рукі яго закуты ў кайданы. Ён так да іх прызвычаіўся, што лічыў іх за неадменную частку свайго цела, і толькі цяпер, калі жалеза жорстка спыніла яго парываньне, ён пачуў сябе зьвязаным і бясьсільным.
Ён нявольны. Ён зусім нявольны. Ён нідзе ня знойдзе сабе прытулку, яго ўсюды пазнаюць і забяруць. І як ён ня ўздумаў пра гэта перад тым, як кідацца з поезда? Нашто было толькі рызыкаваць сваім жыцьцём? Але гэта выпіла неяк раптам, неспадзявана. Ён ні аб чым ня думаў тады. Ён убачыў блізка каля сябе расчыненыя дзьверы і заўважыў, што поезд ідзе зусім ціха. Нейкая сіла штурхнула яго, і ён кінуўся. А цяпер…
Няўжо няма ніякай надзеі? Няўжо перад ім адзін нямінучы канец — глухая турма, якая была ўжо, здавалася яму, такой далёкай і зусім няўтратнай. Няўжо гэта была толькі падманная радасьць, толькі ілюзія?
Пачуцьцё роспачы змагаецца ў нутры чалавека з упартай інстынктыўнай упэўненасьцю ў магчымасьці нейкага невядомага выйсьця. Ён напружвае сваю сьвядомасьць, дае поўную волю фантазіі, і адзін за адным перад ім паўстаюць розныя пляны ратунку — усе надзвычайна сьмелыя, усе недарэчныя і ўсе немагчымыя. Разам з гэтым да яго варочаецца ранейшая трывога, і ён, ні да чаго не даўмеўшыся, усё-ткі выпаўзае з свайго гнязда, асьцярожна ўзьнімаецца з долу і паціху сунецца ў чорную глыбіню лесу.
Па нядоўгім часе ён выходзіць на край невялічкай паляны. Ён спыняецца тут і доўга сьвідруе напружным зрокам шэрую муць адкрытага перад ім прахону. Толькі канчаткова ўпэўніўшыся ў тым, што паляна пустая, ён выходзіць на сярэдзіну яе і ўзьнімае погляд у іскрысты купал зорнага неба.
Перад ім вялічна распасьцерлася добра знаёмае сузор‘е Вялікай Мядзьведзіцы. Ён праводзіць вачмі ад яго простую лінію і знаходзіць полярную зорку.
Гэта поўнач… Там, значыць, поўдзень… Тут — усход…
Сюды… На ўсход… Толькі сюды… Хай будзе, што будзе…
І ён зноў удаецца ў цёмныя нетры лесу, напружваючы ўсю сваю ўвагу, каб трымацца ўзятага напрамку. У яго няма яшчэ пэўнае думкі, пэўнага пляну, яго штурхнула ў той бок нейкая інстынктыўная сіла — мабыць дзікі непазбыўны страх перад усім тым бязьлітасна-жорсткім, балючым, што яму давялося зазнаць, што чорнай навалаю ішло адтуль, з варожага захаду.
Глухая ноч замазала ўсё навакол непрагляднай чарнільнай цемрай. На кожным кроку прыходзіцца натыкацца на нявідныя дрэвы, на пні, на калючае кусьце. Скутыя рукі не даюць мажлівасьці цьвёрда кіравацца