Канец поэмы таксама завяршаецца малюнкам прыроды, якая абрысована зноў цёмнымі фарбамі, толькі іншага зьместу; на фоне няпрыглядных зьявішч поэта рысуе малюнак могілак, якія чарнеюць на
Машэкавай гары:
Над ёю з часам дрэвы палі,
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.
Там, дзе пушчар быў і балота—
Муры глядзяцца ў раку,
Зіяюць вежы пазалотай,
Жыцьцё кіпіць, як у гаршку.
Пры самым месьце, дзе хаваці
Людцы нябошчыкаў нясуць,
Гару з магілкамі відаці—
Яе Машэкавай завуць.
І ціха, ціха на гары тэй,
Чарнеюць пліты і крыжы,
То летнім сонейкам сагрэты,
То зьзябшы ўзімку, ў маразы.
Падчас вясной заблудзіць птушка,
Зазвоніць песенькай сваей,
Павесялее сьпяча душка,
Ды ўзноў засьне яшчэ мацней.
А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі,
А што?—нам грэшным не паняць!
|
Такі-ж шырокі малюнак адчыняе дзеяньне поэмы "Курган":
Паміж пустак, балот Беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы рэкі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб гальлё распусьціў карэнасты над ім,
Сухазельле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,—
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На Купальле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпоўку воўк нема вые;
Сонцэ днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатые.
Хмары неба ўсьцілалі мо’ тысячу раз,
Пяруны білі с края да края,—
Ён стаіць—гэта памяць людзкая—паказ…
Толькі гутарка ходзе такая.
|
У ёй таксама праяўляецца адцягненасьць у абрысоўцы асобных
драбніц: курган—гэта сымболь.
...гэта памяць людзкая—паказ...
Малюнак насычаны, галоўным чынам, зьявішчамі рознай і хмурнай прыроды, якая ў суладзьдзі з агульным трагізмам твору: узьбярэжжа ракі шумнацечнай, вецер стогне, воўк нема вые, хмары неба,
пяруны білі і інш.
Поэма "На куцьцю" таксама пачынаецца вялікім малюнкам:
На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срыбны сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася с цішыной
І спавівае ўсё у чары,
Паўзуць і сеюць шорах свой
Старым парадкам цені-мары.
|